Віталь Рымашэўскі распавёў кіраўнікам ЕС пра сітуацыю ў Беларусі

08 лістапада 2018 10:28  |  Галоўныя навіны

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі выступіў на саміце кіраўнікоў Еўрапейскай народнай партыі і распавёў пра сітуацыю ў Беларусі. У прыватнасці, у сваім выступе ён адзначыў, што адкрытасць ЕС да Беларусі вельмі важная сёння.

“Але калі казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі пасля адмены санкцый ЕС, мы можам сказаць адно: перад намі новыя формы рэпрэсій і новая атака на свабоду слова і правы чалавека. На жаль, беларускія ўлады часта ўспрымаюць адкрытасць ЕС як слабасць. За мінулы год зачыненыя два незалежныя інтэрнэт-сайты, сілавыя стуктуры атакавалі найбуйнейшыя беларускія інтэрнэт-СМІ: tut.by і BelaPAN. Да гэтага часу мы не бачылі такіх маштабных рэпрэсіяў супраць свабоды сродкаў масавай інфармацыі і інтэрнету ў Беларусі. Дзевяць журналістаў знаходзяцца пад крымінальным пераследам. Улады спрабуюць знішчыць незалежныя СМІ, якія найбольш эфектыўныя ў барацьбе з расейскай прапагандай. Таму, калі мы гаворым пра абарону незалежных СМІ, мы таксама маем на ўвазе абарону незалежнасці Беларусі ад гібрыднай пагрозы”, – заявіў ён.

Віталь Рымашэўскі распавёў кіраўнікам ЕС пра сітуацыю ў Беларусі

Таксама сустаршыня БХД заклікаў да перафарматавання дыялогу з Беларуссю з тым, каб паставіць рэформу выбарчага заканадаўства і праваахоўнай сістэмы на першае месца ў парадку дня.

На саміце таксама абмяркоўваліся перспектывы Беларусі ў стасунках з ЕС і гібрыдная пагрозы з боку РФ, “справа БЕЛТА”, іншыя праблемы з парушэннем правоў чалавека.

Віталь Рымашэўскі распавёў кіраўнікам ЕС пра сітуацыю ў Беларусі

Апроч таго, Віталь Рымашэўскі ў нефармальнай абстаноўцы асабіста паразмаўляў з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель пра пераслед журналістаў у Беларусі і хрысціянскую дэмакратыю ў Еўропе. “Уражвае яе заўсёдная шчырасць і адкрытасць. Перакананы, што яна не застанецца бязудзельнай. У сям’і ЕНП – партыі з усёй Еўропы. Шмат самых розных выклікаў, у кожнага рэгіёну яны свае, але ЕНП – адзіная палітычная сям’я, і вырашаць гэтыя праблемы лягчэй у еднасці і салідарнасці. Саміт ЕНП – той рэдкі час, калі за адным сталом збіраецца кіраўніцтва Еўропы”, – адзначыў сустаршыня БХД.

У саміце кіраўнікоў ЕНП бралі ўдзел прэзідэнт ЕНП Жазэф Доль, прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, прэзідэнт Еўрапарламенту Антоніё Таяні, прэзідэнт Еўрапейскай Рады Дональд Туск, прэзідэнт Кіпру Нікас Анастасіядэс, прэзідэнт Румыніі Ёханіс Клаўс, прэмер-міністры Балгарыі Бойка Барысаў, Аўстрыі Себастыян Курц, Нямеччыны Ангела Меркель, Венгрыі Віктар Орбан, Харватыі Андрэй Пленкавіч, Ірландыі Леа Варадкар, віцэ-прэм’еры Латвіі Арвілс Ашэрадэнс, Фінляндыі Петэры Орпа, Бельгіі Крыс Петэрс і іншыя.

Нагадаем, што 7 лістапада Кангрэс ЕНП прыняў рэзалюцыю па Беларусі.

Болей навін