Павел Севярынец выступіў у літоўскім Сейме
Сустаршыня БХД Павел Севярынец выступіў разам з Мікалаем Статкевічам на слуханнях па Беларусі ў літоўскім Сейме. Запрашалі яшчэ Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Някляева, але яны ня здолелі прыехаць.
Арганізавалі добрыя сябры Беларусі, найперш хрысціянскі дэмакрат Жыгіс Павілёніс. Былі прадстаўнікі МЗС і МУС Літвы, парламентары, прадстаўнікі вядучых партыяў, былы прэм’ер Андрус Кубілюс, грамадскія арганізацыі і прэса.
ПавелСевярынец казаў пра пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі, палітвязняў, пераслед журналістаў і блогераў, Курапаты і новую хвалю сталінізму.
– Лукашэнка не ёсць гарантам незалежнасці: стасункі з Захадам ён выкарыстоўвае для шантажу Масквы і прадае незалежнасць па кавалках дзеля ўмацавання свайго рэжыму – сказаў ён. – Астравецкая АЭС, галоўнае балючае пытанне для Літвы – гэта расейская ядзерная бомба, падсунутая пад плот суседзяў.
Размаўлялі і пра перазахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага: быў прадстаўнік грамадскай камісіі Анатоль Міхнавец.
Сустрэча была важная: зараз у Літве мяняецца ўлада – сыходзіць прэм’ер і мяняецца прэзідэнт. Слуханні вырашылі рабіць рэгулярна.