Спецдакладчык Еўрапарламенту па Беларусі пра пратэсты: Трымайцеся, сябры! (відэа)
Спецдакладчык Еўрапарламенту па Беларусі Пятрас Аўштравічус падчас паседжання ў Тбілісі парламенцкай асамблеі Усходняга Партнёрства Еўранэст у відэакаментары сустаршыні БХД Віталю Рымашэўскаму падтрымаў пратэсты ў Беларусі супраць інтэграцыі з Расеяй.
“Дарагія сябры, беларусы. Мы з захапленнем назіраем за тымі, якія сёння адбываліся ў Менску. Што выйшлі са сцягамі супраць той інтэграцыі, якую прасоўваюць два прэзідэнты Беларусі ды Расеі. Людзі павінны вырашаць будучыню сваёй краіны. Мы будзем заўжды з вамі. Мы разумеем тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. І нам не ўсё адно, што адбываецца ў Беларусі. Мы хочам, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай і супрацоўнічала з суседзямі”, – адзначыў ён.
Еўрадэпутат заклікаў не губляць веры і трымацца.
“Сябры, трымайцеся!” – заявіў Пятрас Аўштравічус.
Датычна мінулай парламенцкай кампаніі, ён заявіў, што не бачыць у ёй прыкметаў выбараў. На яго думку, Аляксандр Лукашэнка проста прасоўваў сваіх кандыдатаў.
“Паколькі не было выбараў, таму прызнаваць абраных з дапамогай гэтых працэдураў немагчыма. Таму я спадзяюся, што Еўрапарламент не зменіць сваю пазіцыю і мы будзем падтрымліваць і надалей стасункі з дэмакратычнай апазіцыяй”, – падкрэсліў еўрадэпутат.