Таццяна Севярынец. Дык хто на самой справе “ворагі дзяржавы”?
Трапіў на вочы артыкул Алены Ціханавай (БелТА) аб карупцыйных злачынствах, выяўленых пракуратурай Віцебскай вобласці. За студзень- верасень бягучага году—121. З іх 33– ў галіне аховы здароўя. Спадары Дзяркач (начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму), Цітовіч (начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага гарвыканкаму), дык хто ВОРАГ ДЗЯРЖАВЫ??
А менавіта так за няёмкія заўвагі і пытанні вы назвалі нас, ініцыятараў кампаніі “За якасную медыцыну ў Віцебску”, на сходзе ў школе№ 46 з удзелам прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя 16 студзеня 2015 года.
У артыкуле Алены Ціханавай пішыцца, што пракуратурай выяўлены факты хабару і крадзяжу праз перавышэнні службовых абавязкаў.
Шкада, што не абнародаваны прозвішчы злачынцаў.
Ведалі б тады дакладна жыхары мікрараёна Білева, якія ўжо 5 гадоў марна чакаюць паліклінічнага комплексу, хто іх абрабаваў.
Ведалі б дакладна жыхары Медцэнтру і мікрараёна “Поўдзень-7”, чаму зноўку спынена будаўніцтва паліклінікі, якую чакаюць жыхары ужо 3 гады, чаму ў верасні гарадскі бюджэт скарочаны на 30 адсоткаў, закансэрвавана будаўніцтва дзіцячага садку у Білева-2, хто запусціў свае сквапныя пальцы да іх у кішэні.
Вельмі распаўсюджаная практыка павышэння заробку—“падснежнікі”. Пры гэтым табель на заробак з’яўляецца таямніцай за сям’ю пячаткамі для працоўных. На кагосьці, каго на самой справе няма, налічваецца заробак па штатнай адзінцы. Яго атрымлівае той, хто да табелю мае непасрэднае дачыненне. Такім чынам падвышаецца яго ўласны заробак. Гэткую механіку ведаю, бо калісьці з ёй сутыкнулася ў школе, так мы выкрылі аднаго з намеснікаў дырэктара. Такая практыка квітнее па паліклініках. Думаю, у пракуратуры гэта ведаюць…
Бюджэт складаецца з падаткаў, а падаткі і немалыя плацім мы, звычайныя людзі, якія дабрасумленна працуюць, гадуюць дзетак і чакаюць, цярпліва чакаюць, калі ўжо нажаруцца гэтыя…ды яшчэ смешна, паслухмяна ходзяць на выбары сваіх катаў.
Людзі павінны ведаць сваіх рабаўнікоў. Прозвішчы, адкрытыя суды, па ўсіх СМІ – партрэты пад подпісам”Яны абкрадалі краіну, твой горад, цябе”.
Дарэчы нагадаем : за будаўніцтва паліклінічнага комплексу яшчэ ўлетку 2014 году сябры аргкамітэту па стварэнні Партыі БХД, ініцыятары кампаніі “За якасную медыцыну” сабралі і перадалі ў Віцебскі абл-, гарвыканкамы, Савет дэпутатаў, Міністэрства аховы здароўя 4756 подпісаў, пазней – яшчэ каля 1500. Безліч скаргаў, паходаў па высокіх кабінетах, перфоменсаў, публікацый. Як вынік—узнавілася будаўніцтва паліклінікі на Поўдні-7, рамонты 1-га корпусу абласной інфекцыйнай бальніцы, бальніцы №2. Тэма медыцыны стала папулярнай і на мясцовым тэлеканале, звярнула ўвагу на гэтыя праблемы і Нацыянальнае тэлебачанне.
Кампанія працягваецца , бо шмат пытанняў і праблем не вырашана, подпісы збіраюцца пад канкрэтнымі прапановамі, як паправіць становішча ў медыцыне і падвысіць якасць медыцынскага абслугоўвання.
На нашыя патрабаванні чуем альбо хлусню, чарговыя пустыя абяцанні, альбо адказ: грошаў няма. Зразумела зараз чаму. Не крызіс, не худы бюджэт таму прычынай – карупцыя. Сапраўдныя ворагі дзяржавы, якія маюць канкрэтныя прозвішчы, нам толькі невядомыя. Пакуль.