Хто адрэстаўруе душы?
«Чудище обло, озорно, стозевно и лайяй…»
Гэты эпіграф да кнігі ахвярнага А.М. Радзішчава “Путешествие из Петербурга в Москву” круціліся ўвесь час ў галаве, пакуль мы з унучкамі, васьмігадовым Грышам ды пяцігадовай Сонечкай, хадзілі вакол капліцы, прызначанай дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя П.М. Машэрава да зносу, да знішчэння. Акрамя гэтага будынку нагледзеліся і на іншыя: былыя аранжэрэі, адміністратыўны хлеўчык, прыбіральню, нібыта біа.
Слухайце, непаважаныя і нешаноўныя гаспадары Батанічнага саду! Слухайце там, у кабінетах гарвыканкаму: вы проста не маеце маральнага праву людзьмі звацца! Я не хачу, каб такая спадчына дасталася маім унучыкам! І – вашым – НЕ ХАЧУ! НЕ ЖАДАЮ!
Мае ласкавыя ўнучкі прысмірэлі і прыціхлі, Сонечка пачала пытацца пра прывідаў, Грыша пасур’ёзнеў і спытаў: “Бабуля, чаму так?” (Я ж не думала нават, што такое ўбачу, пайшлі глядзець на капліцу, распавядала па дарозе пра гаспадара -Дуніна-Слепсця, пра тое, што ён зрабіў для роднага і для маіх унучкаў горада, а тут поўная разруха, запусценне і ганарлівая шыльда на адміністрацыйным хлеўчыку… Побач цячэ лайно з біяпрыбіральні.
Расказала казку-быль пра тых злых гасападароў гораду, гэтага саду, хто за гэ-э-э-та ўсё адказвае, як раскрадаюць грошы, што выдзяляліся і даўно і на аранжарэі, які штучны той БРСм, што павінен палаць сэрцам і корпацца тут штодня, каб навесці парадак, пра ваяроў, што хочуць уратаваць капліцу, як помнік добраму чалавеку. Слухалі моўчкі, сур’ёзна. Сонечка спытала: “Так бывае, бабуля?” Не паспела адказаць, як Грыша сумна павярнуў яе да развалаў: ”Гэта так. Глядзі”.
Няхай лепш не вераць той балбатне пра патрыятызм, любоў да горада і радзімы, чым напіхваюцца іх галоўкі з ранняга дзяцінства. Яны ж даверлівыя, нашыя дзеткі.
Грыша і Соня добра ведаюць, што за сабой смецце трэба прыбіраць, бо прыбіраюць яго са мной і ў лесе, і на пляжах, нават за іншымі не саромеемся прыбраць, яны любяць назіраць за дарослымі, робяць высновы. Тут былі агаломшаныя, як і я, іх бабуля.
Заўважыла некага праз вакенца адміністрацыйнага хлеўчыка, паказала знакамі, ці магу ўвайсці. Той выйшаў сам. Ахоўнік. Падпрацоўвае па выходных. Аказваецца, шмат гадоў працаваў тут як навуковец, насаджаў туй і лістоўніц—вунь яны—прыгожым колам агарнулі парк.
Ужо ачарсцвеў і духам, і сэрцам. Яму ўжо не баліць, што тут ледзь выжываюць 10 працоўных, што іхнімі рукамі яшчэ высаджваюцца рэдкія расліны ў адзінай ацалелай аранжарэі, ці на невялікіх плямках ускапанай зямлі, што ўсё гэта валіцца ў тартарары, гіне і гніе. Прасіў 0,25 стаўкі, каб дзе які цвік убіць, наладзіць ацяпленне(у хлеўчыку цёпла толькі ў пакойчыку аховы)-не далі, ну і …з вамі. Вам не трэба, а мне ўжо таксама нічога не трэба.
Рушыцца не толькі капліца, рушацца мары, жаданні, надзеі, спадзяванні. Душа заплывае лайном.
Капліцу ўратуюць. Рэстаўруюць. А хто адрэстаўруе душы???