Інтэрв’ю з Палканам
Палкан — мой сусед. Неяк, набегаўшыся па кабінетах чыноўнікаў, па паліклініках і недабудаваных медыцынскіх аб’ектах, сустрэла яго. Прыветна павіляўшы мне хвастом, ён заклапочана спытаў, чаму ў мяне такі засмучана-стомлены выгляд. Распавяла, што ўжо стамілася з сябрамі абіваць парогі высокіх начальнікаў, што паліклінічны комплекс у Білева (м-н Віцебска) так і не будуюць, што спынена будаўніцтва паліклінікі на Поўдні-7 (м-н), што…. Палкан мяне выслухаў са спачуваннем: “Бедныя вы, людзі, бедныя! У нас, у сабакаў, усё прасцей і лепш”.
Вось і папрасілася я на інтэрв’ю да Палкана. Ён пагадзіўся за кавалачак каўбаскі, запрасіў у кватэру, дзе жыве з вельмі ласкавай і добрай гаспадыняй.
– Паважаны Палкан, вось у Віцебску катастрафічна не хапае вузкіх спецыялістаў, да афтальмолага, напрыклад, не магу трапіць ужо 2 месяцы… Не хапае ўролагаў, неўрапатолагаў, эндакр….
– Гаў, уф, як так? У мяне як толькі са зрррокам сталіся пррраблемы, я адразу пацягнуў сваю гаспадыню ў лякарррню. Ведаеш, там, за мастом Блахіна, ёсць кррругласуткавая ветлячэбніца. Іх увогуле ў Віцебску 12, але мне менавіта падабаецца тая. Там жа дактаррры якія! І чаррргі амаль не бывае…
– Шчасліўчык ты…
– Ну так, р-р-р, бачыш, якія вочы ў мяне? Пр-р-рыгожыя? В-в-ваў! (Ой, прыгожыя, чыстыя, зоркія!) Дык там жа і аптэка адррразу, і кррррама з усім, што можа быць патрррэбна маёй гаспадыні для мяне. Паглядзі, які ў мяне павадок, сам выбіррраў!
Павадок сапраўды прыгожы. Палкан ганарліва паглядае на мяне і чакае, пакуль я яго натхню наступным кавалачкам каўбаскі.
– А ці часта ты звяртаешся да дактароў?
– Ёнк! (глытае кавалак), ну выпадае… Пр-р-рышчэпкі там р-р-розныя тр-р-рэба р-р-рабіць, бывае, лапу залозіш. Дык у той лякар-р-рні і тэр-р-рапеўты ёсць, і хір-р-рургі, і угд можна зрррабіць, ррррэнтген, ЭКГ, нават ёсць лабарррраторррыя – усё, што трррэба. Вельмі добррра ставяцца да нас, сабакаў. Не люблю толькі, калі катоў пр-р-рыносяць. Нельга што лі нас неяк ад іх аддзяліць? Фр-р-р! Гаў! Не цяр-р-рплю! А аптэкаў увогуле ў Віцебску аж 6, спецыяльных, я ўжо не кажу пр-р-ра р-р-розныя там палаткі ZOO, ав-в! Яны мне не падабаюцца, мне там цесна, таму вввяду гаспадыню маю ў нарррмалёвыя аптэкі. Пакуль чакаю яе на прррыступках, столькі катоў р-р-разганю! Я ж вялікі, ды як гаў-кну, тык пыр-р-рскаюць у рррозныя бакі.
– Ты ведаеш, колькі каштуе тваё лячэнне гаспадыні?
– Гаў! На гэта я не замар-р-рочваюся, бо ў гаспадынькі ёсць такі кашалёк, на мяне яна гр-р-рошаў не шкадуе! А я яе за гэта абар-р-раняю, гаў! Э-э! Ты куды? Яшчэ кавалачак каўбаскі, в-в-ваў! А хочаш, я пар-р-рву іх, як Тузік гр-р-рэлку, хто цябе так засмучае?
Пашкадаваў мяне Палкан…
Я парадавалася за Палкана, за іншых жывёлаў. Канешне, за тых, каму пашчасціла мець добрых гаспадароў, якія іх любяць, песцяць, грошаў не шкадуюць. Парадавалася, што ёсць для іх і лячэбніцы, і крамы, і аптэкі, нават заагатэль. Што лячэбніцы і платныя, і бясплатныя (першых больш). Што няма для іх чэргаў, усіх спецыялістаў хапае…
Здавалася б, ёсць каму паклапаціцца і за здароўе іх гаспадароў—за людзей: аблвыканкам, гарвыканкам, Саветы дэпутатаў (у Віцебскім гарсавеце—6 дактароў з 40 дэпутатаў), упраўленні і міністэрства, процьма чыноўнікаў ад медыцыны.
Чаму ж столькі праблемаў у медыцыне горада і вобласці? Калі сабака скрадзе, то толькі таму, што галодны. Ці галодныя нашыя чыноўнікі? (За снежань-верасень бягучага году 33 карупцыйныя справы ў галіне аховы здароўя на Віцебшчыне). Праглынулі кавалачкі, як Палкан. Толькі той удзячны, гатоў абараняць. А гэтым усё мала… Астатнія рукамі разводзяць: няма грошаў…
ЛЮДЗЕЙ жа хто будзе любіць, шанаваць, лекаваць? Палкан?