«Вы, Таццяна Яўгенаўна, не любіце ўладу?”
Такое пытанне напрыканцы сустрэчы задаў мне намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётр Мікалаевіч Падгурскі. А да яго з сябрам ініцыятывы “За якасную медыцыну ў для ўсіх” Валерыям Спаткаем мы а 8-й раніцы 16.12.2015 году прыйшлі на прыём, каб перадаць подпісы калектыўнага звароту ды паразмаўляць па пытаннях, на якія дакладна не здолеў адказаць галоўны доктар горада сп. С.І. Цітовіч.
Не люб-лю!!! А павінна? Павінна любіць увесь гарвыканкам, савет дэпутатаў Віцебска, якія ўжо шмат гадоў літаральна здзекваюцца з жыхароў горада? Якія плююць з высокіх паверхаў сваіх кабінетаў на надзённыя патрэбы віцеблянаў, абяцаюць і падманваюць, разводзяць рукамі на пытанні: Чаму? Чаму? Чаму? Не пабудаваная яшчэ паліклініка ў Білева (з абяцанага 2010г), не пабудаваная там жа школа, запланаваная яшчэ ў 2012 годзе, не пабудаваны дзіцячы садок -2014 год (пачаты і безнадзейна закінуты), не пабудавана паліклініка на Поўдні-7( пачатая, закінутая, узноўленая і зноўку закінутая), не адрамантавана бальніца №2, гінекалагічная паліклініка на вул. Хмяльніцкага, не, не, не…
Што не хапае дактароў? Што велічэзныя шматмесячныя чэргі да вузкіх спецыялістаў? Што кошты на платныя паслугі павялічыліся на “дазволеныя” 12 адсоткаў пры амаль замарожаных заробках і пенсіях? Што скарочаны на 30 адсоткаў бюджэт на сацыяльна знакавыя патрэбы? Што, блін, нават прыбіральні агульнаграмадскія і ў медыцынскіх установах не маюць паперы, мыла і папяровых ручнікоў?
Што час ад часу абвяшчаюцца тэндары на набыццё ваканкамамі даражэнных аўтамабіляў, на адкрыццё спецыяльнага ідэалагічнага шматмільярднага тэлевяшчання спецыяльна пад будучыя парламенцкія выбары, бо мала хлусні выліваецца ў вушы насельніцтва, мала лапшы панавешана на іх? Што так хутка ўзводзіцца, не спыняючыся ні на дзень, новы будынак КДБ?
Недзе я ўжо чула пра нашу любоў да ўлады, да дзяржавы… Не так і даўно. На сустрэчы з жыхарамі Білева 16 студзеня 2015 году з удзелам прадстаўніка міністэрства аховы здароўя, бадзёрым сп. Дзеркачом з аблвыканкаму, сп. Цітовічам, якія па вобласці і горадзе адказваюць за стан медыцыны, Шломам, некуды з гарвыканкаму таямніча зніклым. Тады нас абазвалі ворагамі дзяржавы, бо мы задавалі шмат няёмкіх патанняў і выкрывалі хлусню гэтых чыноўнікаў.
Між тым менавіта ў галіне медыцыны са студзеня па верасень бягучага году выкрыта 33 карупцыйныя справы з 121-й… Толькі на Віцебшчыне.
На ўсе нашыя пытанні сёння сп. Падгурскі адказваў: “Ну, не атрымалася” “Грошаў няма..”“ Думаеце, толькі вас гэта клапоціць?” “Я літаральна ўчора прасіў дэпутатаў аблсавету, каб далі што на горад”… ”А паперу з прыбіральняў скрадуць” , “Санстанцыя увесь час штрафуе гандляроў за стан біяпрыбіралень”.
Потым чамусьці задаў пытанне пра маю любоў да ўлады. А ўжо мой нагад, што менавіта аблвыканкам і савет дэпутатаў—слугі народа, а не наадварот, раззлаваў чыноўніка, і ён паспяшыў скончыць размову.
Не люблю такую ўладу і не павінна, хоць на кавалкі раздзірайце!
Затое любяць яны, хто пры гэтай уладзе. Яна, улада, дазваляе ім адразу, як толькі зоймуць крэслы, назаўсёды пазабыцца пра сваю сапраўдную ролю слугі, пра нейкі там народ, пра адказнасць за інвестыцыйныя планы і страчаныя НАРОДНЫЯ грошы.
І яшчэ: калі працаўнік не спраўляецца са сваімі абавязкамі, не робіць, каб “атрымалася”, яму скарачаюць заробак, звальняюць, прыцягваюць да адказнасці. Што маем тут на выхадзе? “Не атрымалася!”, “Няма грошаў!”-гучыць бездапаможна, і ўжо колькі гадоў… А заробак атрымліваюць. З бюджэту. З нашых падаткаў. Мы іх усё роўна кормім…
Час збору камянёў. Час ім, слугам народу, адказаць за сваю такую любоў да ўлады і да дзяржавы.