Мігранты, мультыкультуралізм, бяспека
Значыцца, абяцаныя развагі пра інцыдэнт у Кёльне і ўвогуле хуліганства з боку некаторых мігрантаў.
Найперш скажу, што тут як, не раўнуючы, з трагедыяй у Адэсе: глядзім вартыя крыніцы. Бо як раней хадзілі пагалоскі пра сотні намерана спаленых зажыва плюс пра нейкія згвалтаванні, якіх не было – так і зараз ужо кажуць пра дзевяноста згвалтаваных жанчын. Не, згвалтавання два ці, паводле іншай крыніцы, тры (што мала чым лепей), а жанчыны, якія звярнуліся (ад 90 да 150 зваротаў) – падвергліся сэксуальнай агрэсіі, якая ў нас вызначаецца дзеясловам “лапаць”. Гэта адбылося ў цэнтры Кёльна ў навагоднюю ноч.
Дзіўная гісторыя. Дзіўная ў святле таго, што чалавек, у якога няма добрага віду на жыхарства, дасье якога толькі разглядаецца людьмі якія будуць вырашаць, ці дазволіць яму застацца – як правіла, баіцца трапіцца на хуліганстве ці злачынстве. Менавіта таму удзел у дэманстратыўным (!) хуліганстве (не ў цёмным завулку, а ў месцы масавага святкаванне) выглядае болей чым недарэчным – і зусім не таму, што нібыта мігранты ўсе белыя і пушыстыя, а таму, што яны прарабілі цяжкі шлях у Еўропу і, паводле логікі, маюць даражыць сваім шанцам.
Застаюцца дзьве версіі: А – правакацыя, Б – фантастычны ідыятызм.
Версія А для мяне канешне ж болей зручная. Укосна падцвярджаецца масавасцю і арганізаванасцю. І я бы падазравала нават не ультраправых (якім кожны інцыдэнт з імігрантамі любога пакалення дадае папулярнасці і галасоў), а – “ісламскую” “дзяржаву”. Якая даўно пагражала запусціць сваіх агентаў у натоўп бежанцаў – відавочна імкнучыся распаліць у Еўропе антымігранцкія і ісламафобскія настроі, каб мець болей падставаў крычаць што Еўропа супраць ісламу і абвяшчаць свяшчэнную вайну. Што яшчэ раз падцвярджае, канешне, што тая “дзяржава” ані разу не ісламская: бо мусульманіну, нават няблага радыкальнаму, у місіянерскіх мэтах выгадна каб Еўропа пазітыўна ставілася да ісламу. Але ў таталітарызму логіка спецыфічная: Сталін знішчаў уласны народ, спускаў разнарадкі расстрэлаў, і забівалі ні за што і выпадкова; Гітлер знішчаў яўрэяў замест таго каб выкарыстоўваць іх як адукаваны чалавечы рэсурс на карысць рэйху… Зразумела, што нават калі тут руку прыклаў, сапраўды, ігіладэбіл – гэта не значыць, што сярод бежанцаў ёсць нейкія асаблівыя “агенты”. Маглі проста выкарыстаць раздзяўбаяў, якім Еўропа патрэбная для чаго-заўгодна але не для нармалёвага жыцця і доўгатэрміновай працы.
Але ўсё ж я з недаверам стаўлюся да размоваў пра правакацыю. Бо як правіла мы шукаем знешнюю інспірацыю там, дзе нам проста не падабаюцца чыесьці паводзіны. У раздзяўбайстве дзіцёнка робіцца вінаватай вуліца, у Майдане (для тых каму ён не падабаецца) – Госдэп ЗША… Таму разглядайма і версію Б: звычайны ідыятызм.
Тое, што гэты вычварны ідыятызм не мае адносінаў да ісламу, ясна як двойчы два: мусульманін паводле вызначэння не павінен быць п’яным, і не павінен пяліцца на жанчын а тым болей іх лапаць. Але справа не лепей ад таго, што праблема не ў рэлігіі, а ў значна больш распаўсюджанай рэчы: рэгіянальныя культуры вялікай часткі свету атручаныя самым ядроным сэксізмам. Для сэксіста жанчыны падзяляюцца на дзьве катэгорыі: “харошыя”, якія саблюдаюць вельмі строгі рэгламент, які канешне ж не распаўсюджваецца на мужчын – і астатнія, якіх няма неабходнасці паважаць. У розных кутках свету, ад Афрыкі да Індыі, ад Паўночнага Каўказа да Бліжэйшага Ўсходу і г.д. жанчына не адчувае сабе ў бяспецы, ужо не кажучы пра роўнасць. Ды і астатнія рэгіёны атручаныя сэксізмам – толькі ў меньшай ступені і ў іншых формах. Змаганне тут цяжкае і штодзённае, прагрэс ідзе, але не так хутка як хацелася бы.
Што рабіць? Ну напэўна ж высвятляць, адкуль бяруцца дурні, якім ці то дакуманты непатрэбныя, ці то еўрапейская свабода бачыцца як уседазволенасць (міф, распаўсюджаны нават у нас). Адны бягуць у Еўропу у пошуках лепшага і нармалёвага жыцця, іншыя – невядома на што спадзяюцца. Аказваецца, дурня распазнаць бывае лягчэй, чым гэта можа падацца.
Ва ўсім свеце хулігана выстаўляюць вон. Але, настойваю, ключавое слова тут – ХУЛІГАНА. Менавіта правапарушальніка сажаюць у турму ці (калі гаворка не аб цяжкім злачынстве) проста выкідваюць з грамадскага месца за вушка і на сонейка. Іншы ж мігрант, нават “нелегал”, які не робіць злачынстваў і працуе, хай застаецца, хаця штраф канешне заплоціць і ён, і ягоны працадаўца. Бо ўрэшце несправядліва, калі чалавека, які не зрабіў ніякага злачынства, выстаўляюць як злодзея. З рэальнымі ж злачынцамі – іншая справа.
Наколькі я ведаю, Еўропа першапачаткова не збіраецца прымаць усіх мігрантаў: ёсць колькасць людзей, якіх вырашылі прыняць. І вось гэтая колькасць – і мае застацца! З тэхнічным вырашэннем праблемы бяспекі. І з болей дбайнай праверкай дасье, гісторый і іх рэалістычнасці і г.д.
Кажучы гэта, я ўсведамляю, канешне, што не толькі сапраўдныя бежанцы харошыя. Ёсць людзі, якія едуць у Еўропу не з зоны баявых дзеянняў, выкарыстоўваючы вайну як магчымасць пераезду – але з павагай да Еўропы, з добрым намерам жыць годна, працаваць, ствараць, дасягаць поспеху. Такім людзям жадаю, каб іх мары здзейсніліся… Але тут выступае на першы план іншая тэма: права чалавека на свабоднае перамяшчэнне. Адмовы ў візе, не абумоўленыя відавочнымі прычынамі (злачынства, напрыклад) груба парушаюць гэтае права. І я, як усе, ня ведаю, што з гэтым рабіць. Прынамсі – што з гэтым рабіць у краінах з развітай сацыялкай, дзе ёсць магчымасць выжыць без працы, так што парушаецца натуральная структура іміграцыі, абумоўленая наяўнасцю на дадзенай тэрыторыі працоўных месцаў. Не, я не кажу, што прыязжаюць тунеядцы. Многія прыязжаюць у спадзеве знайсці працу. Спадзяюся, што сітуацыя выправіцца, калі Захад навучыцца эфектыўна выкарыстоўваць чалавечы рэсурс, які вызваляецца ў выніку беспрацоўя, абумоўленага рацыяналізацыяй працы…
Канадцы дык зусім добра ўстроіліся: цераз акіян не пераплывеш, так што яны самі едуць у лагеры бежанцаў на Бліжнім Усходзе, і адбіраюць там людзей, якіх прымаюць у Канаду. Хітрыя! Здымуць вяршкі з Сірыі, у якой багата інтэлігенцыі (настолькі, што французскі прафесарJean-Pierre Filiu ездзіць чытаць лекцыі моладзі ў лагеры бежанцаў…).
Але я ўсё ж падазорна стаўлюся да ідэі селекцыі, калі справа датычыцца людзей… Мы робім з нашых краінаў рэзервацыі, запаведнікі, у якіх спадзяемся схавацца ад небяспекаў знешняга свету – што, мяркую, не атрымаецца. Мы спадзяемся не пусціць ці выгнаць сэксістаў і злачынцаў, хаця паўсвета занятае сэксісцкімі культурамі і злачыннымі рэжымамі – якіх мы часам яшчэ і падтрымліваем, ціпа яны душаць тэрарыстаў, і нічога што неправавымі метадамі і за кампанію з нармалёвай апазіцыяй. Мы імкнемся стварыць штучную прастору, ачышчаную ад непажаданых элементаў – але такі падыход вядзе да фашызму, як любое “ачышчэнне” соцыўма, і, паводле адчування, знішчае свабоду. Бо для мяне няма еўрапейскай свабоды без штодзённых стасункаў з людзьмі з розных куткоў света…
Мяркую, варта думаць не ў катэгорыі “ачышчэння” і каго бы выгнаць ці не пусціць, а ў катэгорыі тэхнічнага вырашэнна праблемаў (такіх, як бяспека, працаўладкаванне, адукацыя і г.д.), і ў катэгорыі адказнасці кожнага чалавека (незалежна ад паходжання) за свае дзеянні.
Я ўдзячная Богу за магчымасць жыць у краіне, прынцыпы якой я падзяляю. Асабліва пасля беларускай звычкі існаваць у апазіцыі… Таму зараз, калі ультраправыя аблізваюцца ў чаканні бліжэйшых выбараў – маю намер зубамі і кіпцюрамі учапіцца ў мультыкультуралізм, неразборліва-інклюзіўны гуманізм, талерантнасць, рознакаляровыя адзенні і гарбату з арабамі. Веру, што знойдзецца тэхнічнае рашэнне праблемаў, і што Еўропа вытрымае і захавае свой цяперашні твар, нягледзячы на сінхронныя высілкі тэрарыстаў і ультраправых.
Карацей, хай Бог дабраславіць мультыкультурную Еўропу!
А яшчэ можам задацца пытаннем: а колькі згвалтаванняў і дамагальніцтваў адбываецца на Новы Год на нашых славянскіх прасторах?..