Распяты Мальчык і Дзікія Мігранты
Крыху пра выпадкі, калі мы верым прапагандзе. І пра тое, якую інфу мы кідаемся правяраць, а якую – не…
Усе смяяліся з Распятага Мальчыка. Але тыя самыя, хто зусім не верыць у распятых кіеўскай хунтай хлопчыкаў – кінуліся рэпосціць непацверджаную, часткова абвергнутую а часткова няпэўную, інфармацыю пра згвалтаваную мігрантамі рускую дзяўчынку ў Берліне.
Таму што ў кіеўскую хунту і карнікаў-жыдабандэраўцаў мы не верым, бо апрыёры не хацелі верыць, а потым і аказалася што фэйк; а вось у дзікіх мігрантаў, якія зусім не такія людзі як мы і таму ў адрозненне ад нас не маюць права жыць у Еўропе – верым.
Яшчэ адна гісторыя. Я жыву побач з бежанцамі. Бежанцы, праходзячы, вітаюцца. Але адзін было скорчыў маме рожу, праходзячы – што паказвае наяўнасць такі сярод іх прыдуркаў (ну і дзіўна калі б было інакш, бо прыдурак – з’ява нярэдкая, многія з нас нат пабывалі ў гэткай ролі).
Але я не пра гэты, а іншы інцыдэнт.
Піша мне мой каханы СМСку, маўляў, нейкія бежанцы, тры чалавекі, дамагаліся да трох жанчын у пральні якраз у будынку дзе я жыву. Інфа паступіла ад ягонага сябра Іогана, які прадае цыгары і таму ведае ўсе чуткі ў горадзе; да таго ж Іоган – трэнер па адзінаборствах, так што цікавіцца пытаннямі бяспекі і крыміналу.
Я падумала: блін. Зразумела, што гэты блін нічога не змяніў у раскладцы. І так ведаю, што хадзіць трэба асцярожна. Пры гэтым настойваю на поўным сваім праве нараўне з мужыкамі шляцца дзе заўгодна, як і на праве на самаабарону, пры ўсёй сціпласці маіх фізічных магчымасцяў. Пры гэтым жа лічу, што бежанцаў трэба прымаць. Але канешне трэба мяняць, паляпшаць, сістэму іх прыёму.
Яшчэ адзначыла, што гаспадар пральні нам нічога не сказаў пра той інцыдэнт – але то ж лагічна, бо ён жа і здае нам студыо.
Неправераную пагалоску пра трох дамагальнікаў-бежанцаў перадала далей – у размове з сяброўкай за гарбатай. Канешне, абмовіўшыся, што інфа неправераная.
Ну і дарма перадавала. Бо, перапытаўшыся ў Іогана, дазналася, што то была гісторыя з нейкімі трыма дзяўчынамі і чыёйсьці няправільнай паркоўкай. Ніякія бежанцы там, у арыгінале, не фігуравалі.
А калі б я была прыхільніца антыімігранцкіх настрояў – то і не перапытвалася бы ў Іогана…
А гісторыя, каторую я з агаворкай на неправеранасць распавяла сяброўцы-чачэнцы, мае шанец пайсці далей па горадзе ўжо без агаворкі. І нават без Іогана, у якога можна перапытаць. Застаецца спадзявацца, што я не паўдзельнічала ў вырабленні дошкі аб’яваў для распяцца чарговага снягіра ў трусіках.