Грамадскасць Маладзечна супраць неэкалагічных свінакомплексаў
У Маладзечне прайшоў круглы стол з удзелам актывістаў палітычных і грамадскіх арганізацый, на якім ўдзельнікі выказалі свае адзінагалоснае абурэнне будаўніцтвам свінакомплексу на 100 тысяч галоў у раёне вёскі Соўлава Маладзечанскага раёна.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел эксперт-эколаг Уладзіслаў Юркоў, прадстаўнік ПЦ “Вясна” Алесь Капуцкі, каардынатары БХД Павел Пракаповіч і Раман Ганчароў, прадстаўнік руху “Экалагічны Пошуг” Павел Сяргей, прадстаўніца БСДП (Грамада) Нэлі Шлойда, прадстаўнік АГП Генадзь Фарына ды іншыя.
Нягледзячы на шматлікія пратэсты грамадзян, будаўніцтва свінакомплекса ў сваім “эканамічным” варыянце не прыпыняецца і пагражае стаць экалагічнай праблемай для рэгіёна, вядомага сваімі некранутымі краявідамі і культурніцкімі мерапрыемствамі.
Як адзначыў каардынатар БХД па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч: “Свінакомплекс сам па сабе – справа нядрэнная, але мы павінны забяспечыць экалагічную бяспеку. У Еўропе даўно ўжо адмовіліся ад практыкі будаўніцтва вялікіх свінакомплексаў, бо гэта пагражае сур’ёзнымі экалагічнымі наступствамі. Лепш бы пабудавалі 2 ці 3 свінакомплексы з найноўшымі тэхналогіямі, хай і дарагія, але якія б забяспечылі ўстойлівае развіцце рэгіёна. Прапанаваны праект распрацаваны выключна з інтарэсаў інвестара, экалагічная частка выдаткаў абсалютна недастатковая. Чаму ўлады дазволілі будаваць гэткага монстра ў адным з прыгажэйшых рэгіёнаў Беларусі і не патрабуюць ад інвестараў больш экалагічных варыянтаў? У пагоне за фінансавай выгодай беларускія ўлады гатовыя нішчыць навакольнае асяроддзе і здароўе грамадзян. Улада, якая ставіцца безадказна да будучыні Беларусаў, не мае права звацца ўладай.”
Актывісты пагадзіліся каардынаваць працу па праблеме будаўніцтва неэкалагічнага свінакомплекса.
Нагадаем, 9 сакавіка Маладзечанскі райвыканкам прыняў рашэнне № 173 “Аб дазволе будаўніцтва аб’екта”, згодна з якім кампаніі “Велес-Міт” дазваляецца будаваць свінакомплекс на 100 тысяч галоў у год у раёне вёскі Соўлава Маладзечанскага раёна. Рашэнне было прынята на падставе зварота “Велес-Міт” 1 чэрвеня 2015 года, указа Лукашэнкі № 220 ад 1 чэрвеня 2015 аб “Дзейнасці ТАА “Велес-Міт” і на падставе “станоўчых” дзяржаўных экалагічных экспертыз.