Куды знікае бюджэт Віцебска, ці каму спатрэбіліся 200 мільёнаў?
Віцебскі гарвыканкам абвясціў тэндар на замену дзвярэй кабінетаў на 4-м паверсе гарвыканкаму. Тэндар абвясцілі недзе ў сакавіку, а яшчэ ад 9 снежня 2015 года старшыня гарвыканкаму Мікалайкін В.П. распарадзіўся (№9948) прыняць да выканання дачэрняму прадпрыемству “Упраўленне капітальнага будаўніцтва г. Віцебска” функцыі замоўцы па праектаванні і будаўніцтве аб’екту “Бягучы рамонт памяшканняў 4-га паверху будынку Віцебскага гарвыканкаму па адрасе: Віцебск, в. Замкавая, 4”.
Стварылася адпаведная камісія для вывучэння стану дзвярэй, складання акту (2 з нечым мільёны) ды вызначэння кошту працы. Акт падпісала намеснік дырэктара “УКСу” Хахлова Т.А. Дарэчы, з 3-х чальцоў той камісіі подпіс толькі сп. Хахловай Т.А. Даты абследвання няма. Спатрэбілася 200 мільёнаў рублёў на замену тых дзвярэй.
Мы паглядзелі на тыя дзверы 4-га паверху па адрасе вул Замкавая, 4. А таксама і па адрасе вул. Леніна, 32—гэта ўсё Віцебскі гарвыканкам, так размеркаваныя кабінеты чынавенства ў адпаведнасці ад вагі. Больш важныя – па Леніна, 32, менш – па Замкавай,4. Суадносна па Леніна – еўрарамонт, такія крыху гарэзлівыя дзверы, па Замкавай – больш сціплыя, яшчэ моцныя і такія, бюракратычныя. Адчыняцца ім яшчэ і зачыняцца б шмат гадоў, тым больш у часы страшэннага дэфіцыту бюджэту. А хочацца ж, муляе!
На кожны запыт па невыкананых гарвыканкамам абяцаннях пабудаваць, адрамантаваць, стварыць, зрабіць – адказ толькі адзін: Грошаў няма!
Па неафіцыйных дадзеных, на дабудову (з 2010 году!!!) паліклінікі ў м-не “Поўдзень-7” выдаткоўваюць 300 мільёнаў… А паліклініка была ў планах горада на 2015-ы год, перанеслі на 2016-ы…
Адгадайце, што адбудзецца хутчэй: замена дзвярэй на 4-м паверсе гарвыканкаму альбо дабудуецца паліклініка на Поўдні-7, альбо дзіцячы садок ў Білева-2, альбо школа ў тым жа Білева, альбо паліклінічны комплекс там жа, альбо скончыцца рамонт гінекалогіі бальніцы №1 па в. Хмяльніцкага, альбо…? Альбо дзверы мяняць ніхто і не думае, а 200 мільёнаў, ну, мала каму яны патрэбныя?