Марсіяне з Білева
Зранку на аўтобусных прыпынках – Майдан (па вызначэнні жыхароў): мікрараён маладзёвы, хто на працу, хто на вучобу, хто дзетак вязе ў садкі на другі канец горада, напрыклад, на ДСК, куды дабірацца пры добрым раскладзе амаль гадзіну.
У Білева ж на больш як 30 тысяч жыхароў усяго 2 дзіцячыя садкі, куды ўладкавацца вельмі складана, адна школка, якая трашчыць ад колькасці вучняў, каму пашанцавала, – 3 змены. Якія тут правілы школьнай гігіены?
Тут няма паліклінікі, абяцанай і шмат разоў пераабяцанай віцебскімі ўладамі з 2010 году, нядаўна з’явілася невялічкае паштовае аддзяленне, якое знаходзіцца воддаль ад Білева-1 і Білева-2, а мікрараён ужо высякае лес, набліжаецца да сметнікавага палігону (з 1972 году), які час ад часу самаўзгараецца і смуродзіць на ўсё Білева. У любы час можа выбухнуць і… Як там на Марсе?
Затое маладыя жыхары Білева перавыконваюць дэмаграфічную праграму краіны: мала ў каго двое дзетак. Цэлыя дамы са шматдзетнымі сем’ямі, некаторым выдзелена нават па 2 кватэры. Шчасце? Шчасце, змешанае з велічэзнымі праблемамі, якія вырашаць-не вырашыць штодня.
Для білеўцаў, каб неяк вырашыць праблему аказання медыцынскіх паслуг, у паліклініцы №3 адкрыта ажно 9 участкаў, у жаночай кансультацыі №1 – 3, для дзетак, калі ласка, абласная дзіцячая паліклініка на Чкалава. Тут абслугоўваецца 30000 дзетак. Уяўляеце, якія чэргі паўсюль? А колькі негатыўнай энергіі? І яе ў электрычнасць не перарабіць…
Напрыклад, калі ў дзіцяці праблема са зрокам, чарга больш як на месяц, усяго 3 акулісты… Паспрабавала неяк адна жыхарка Білева трапіць на пачатку красавіка з сынам да таго акуліста. Пачула тое, што пачула : запіс толькі на травень. Паспрабавала абтэлефанаваць іншыя дзіцячыя паліклінікі. У паліклініцы на Камуністычнай: прыходзьце заўтра, пачалі запісваць, але прагучаўшы адрас “Білева” адразу прывёў у ступар рэгістратаршу: “Мы вас не прымем. Вы –не нашыя!”
А чые?
Марсіяне, ці што?
Месца пад паліклінічны комплекс выдзелена даўно, у Білева-2, недзе там з пасланнем для нашчадкаў урачыста закапана капсула былым старшынёй Віцебскага аблвыканкаму сп. Косінцам, які ўжо даўно займае значна вышэйшую пасаду, перабраўся ў сталіцу ды пра тое забыў.
Побач- месца пад школу на 1020 вучняў. Пачатак будаўніцтва – 2012-ы год. Пачалі капаць катлаван, пакідалі туды нейкія пліты, запэцкалі фарбай тэрмін сканчэння працы – гуляй, хмызняк! І гуляе…
А віцебскія чыноўнікі ад медыцыны ды мясцовыя дэпутаты на ўсе звароты бадзёра рапартуюць: усё ў парадку, шэф! Як і іншыя службы. На пытанне ў лоб разводзяць рукамі: “ Так атрымалася!”
Узяць бы іх усіх за каршэнь – і на Марс! Шкада толькі планету тую…