Віталь Рымашэўскі: падмуркам эфектыўнай ЖКГ з’яўляецца канкурэнцыя
Змаганне з хабарніцтвам, карупцыяй і неэфектыўным выдаткоўваннем сродкаў рэпрэсіўнымі мерамі не дасць жаданых вынікаў. Так пракаментаваў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявы прадстаўніка Камітэту дзяржкантролю Аляксандра Якімава пра неэфектыўнае выкарыстанне сродкаў у ЖКГ.
“У рамках дзеючай камандна-адміністратыўнай сістэмы, аўтарытарнага кіравання, калі ўлада манапалізаваная і адсутнічае грамадскі кантроль за дзеяннямі ўладаў, эфектыўнае выкарыстанне сродкаў немагчымае ні ў адной сферы, у тым ліку ЖКГ. Дамагчыся рэальнага зніжэння коштаў можна толькі дзякуючы канкурэнцыі на рынку”, – заявіў ён.
Беларускія хрысціянскія дэмакраты распрацавалі праект рэформы ЖКГ, асноўным прынцыпам якога з’яўляюцца роўныя ўмовы для камерцыйных і дзяржаўных арганізацый, якія абслугоўваюць жыллёва-камунальны фонд, і права ўласнікаў жытла абіраць падрадчыка, кошты і паслугі якога найбольш задавальняюць.
“Гэта з’яўляецца падмуркам эфектыўнай ЖКГ”, – адзначыў сустаршыня БХД.