Павел Севярынец: «Вясна» стала сімвалам салідарнасці беларусаў
Праваабарончы цэнтр «Вясна», нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўладаў, працягвае актыўную дзейнасць па ўсёй краіне.
У гэтыя дні праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае юбілей. Нягледзячы на адмену дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе, гэтая структура працягвае актыўную дзейнасць па ўсёй краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” – адна з найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі. Сёння яна мае 26 філіялаў у розных рэгіёнах краіны, галоўны офіс знаходзіцца ў Мінску. За час свайго існавання праваабаронцы аказалі дапамогу тысячам чалавек, якіх переследвала ўлада, удзельнічалі ў незлічонай колькасці адміністрацыйных і крымінальных працэсаў, піша Deutche Welle.
Наступства рэпрэсій
Прычынай стварэння праваабарончай арганізацыі 20 гадоў таму паслужылі жорсткія дзеянні сілавых структур Беларусі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі “Чарнобыльскі шлях” у Мінску 26 красавіка 1996 года. Тады міліцыя з ужываннем сілы затрымала сотні людзей, многія былі збітыя, а пазней прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Як успамінае стваральнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, на той момант дэмакратычная грамадскасць яшчэ не сутыкалася з такімі рэпрэсіўнымі дзеяннямі ўлады. Да 1996 года ў краіне праводзіліся яшчэ больш ці менш не сфальсіфікаваныя выбары.
У Вярхоўным Савеце і ў Мінскім гарадскім савеце былі дастаткова вялікія групы дэпутатаў, якія прытрымліваліся дэмакратычных поглядаў. Хоць у парламенце 13-га склікання ў параўнанні з папярэднім іх было менш.
“Пазбавіўшыся афіцыйных магчымасцяў, людзі хацелі ўжо праз вуліцу давесці да ўладаў сваё стаўленне да дэмакратыі, незалежнасці краіны, да захавання правоў чалавека”, – кажа суразмоўца.
Па словах Бяляцкага, менавіта ў 1996 годзе Лукашэнка пачаў прымаць рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да апазіцыі. Да гэтага, з пачатку 1990-х гадоў, беларусы паспелі адчуць свабоду, таму жорсткія дзеянні ўладаў падчас той акцыі выклікалі сур’ёзнае абурэнне, у тым ліку і з боку грамадскіх актывістаў.
Менавіта ў тыя дні быў створаны камітэт па аказанні дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, які ў хуткім часе быў названы “Вясна-96”. Яго супрацоўнікі займаліся зборам і распаўсюдам інфармацыі пра затрыманых, пошукам сродкаў для дапамогі людзям, якія былі асуджаныя да грашовых штрафаў або адміністрацыйных арыштаў.
Да таго часу, нагадвае Бяляцкі, у турме ўжо сядзеў беларускі паэт Славамір Адамовіч за верш “Забі прэзідэнта”. Яго справа выклікала шырокі грамадскі рэзананс. “Гэта сведчыла аб пачатку барацьбы уладаў супраць літаратурных перформансаў, са свабодным словам, і ўсё гэта нас змушала дзейнічаць”, – кажа суразмоўца.
Аперацыя “ліквідацыя”
У 1997 годзе была створана мінская гарадская грамадская арганізацыя “Вясна-96”. Па словах Алеся Бяляцкага, у той час ніхто не думаў, што яе дзейнасць працягнецца так доўга: актывісты спадзяваліся, што бліжэйшыя выбары зменяць сітуацыю ў краіне, адбудзецца нешта, што пакладзе канец парушэнням правоў чалавека ў Беларусі і паставіць краіну на прававыя рэйкі. Але гэтага не адбылося да гэтага часу.
У 2003 годзе беларускія ўлады прымаюць рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Нагодай, паводле ацэнак экспертаў, паслужыла тое, што праваабаронцы займаліся назіраннем за “прэзідэнцкімі выбарамі” 2001 года, а вынікі гэтага назірання зафіксавалі шматлікія парушэнні падчас той электаральнай кампаніі. Як вядома, пасля 1996 года ні рэферэндумы, ні выбары ў Беларусі не былі прызнаныя дэмакратычнымі і свабоднымі.
24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што ліквідацыя праваабарончага цэнтра “Вясна” беларускімі ўладамі з’яўляецца парушэннем пункта 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, але ўлады гэтае рашэнне праігнаравалі.
Лідэр – палітвязень
Чарговы ўдар быў нанесены праваабарончай арганізацыі ў 2011 годзе. 4 жніўня прайшлі ператрусы ў офісе “Вясны” і дома ў яе кіраўніка. Алесю Бяляцкаму інкрымінавалі нявыплату падаткаў. На імя Бяляцкага ў Літве і Польшчы былі адкрыты рахункі, праз якія паступалі сродкі на ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці “Вясны” і аказанне дапамогі пацярпелым па палітычных матывах.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і кіраўнік “Вясны” быў прысуджаны да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Міжнародныя структуры прызналі Бяляцкага палітвязнем. Пад ціскам міжнароднай супольнасці ён быў датэрмінова вызвалены 21 чэрвеня 2014 года.
Праекты “Вясны”
Праваабарончы цэнтр і сёння ажыццяўляе шэраг праектаў. Гэта і назіранне за выбарамі – сумесна з Беларускім Хельсінкскім камітэтам у межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, аказанне дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, палітвязням, людзям, якіх пераследуюць за свае перакананні і актыўныя дзеянні.
Адной з самых галоўных задач арганізацыі з’яўляецца адмена смяротнага пакарання ў Беларусі. Актывісты арганізацыі падтрымліваюць кантакты з сем’ямі асуджаных да смяротнага пакарання і тых, каго ўжо расстралялі.
Былы двойчы палітвязень, заснавальнік Маладога фронту і адзін з лідараў партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец называе “Вясну” сімвалам салідарнасці беларускага грамадства.
“Людзі, якія пакутуюць ад кіруючага рэжыму, якія губляюць працу, атрымліваюць вялізныя штрафы або сядзяць у турме, атрымліваюць ад праваабаронцаў неадкладную дапамогу. Таму “Вясна” – гэта адна з галоўных арганізацый у сённяшнім дэмакратычным руху Беларусі”, – падкрэслівае Севярынец.