Дэпутаты: на будаўніцтва паліклінік у Віцебску грошаў няма
На будаўніцтва паліклінікі ў віцебскім мікрараёне “Поўдзень-7”, якое вядзецца з 2010 года, на 2016 год вылучана 10,89 млрд рублёў, з іх прафінансавана за першы квартал толькі 243,3 млн рублёў. Пакуль працы на аб’екце не вядуцца, яны будуць узноўленыя толькі пасля выплаты запазычанасці ў памеры 1,92 млрд рублёў, якая можа быць выплачаная не раней за ліпень 2016 года.
Будаўнічая гатоўнасць аб’екту 27%, гаворыцца ў адказе, які атрымала ад віцебскіх дэпутатаў каардынатар аргкамітэту БХД і кампаніі “За якасную медыцыну для ўсіх” Таццяна Севярынец.
Што тычыцца паліклінічнага цэнтру ў мікрараёне Білева, дык там у 2012 годзе быў распрацаваны архітэктурны праекты на першую чаргу будаўніцтва, але ў 2013 годзе праектаванне было “прыпынена ў сувязі з адсутнасцю бюджэтнага фінансавання”.
Аналагічныя ж тлумачэнні адносна небудаўніцтва школы і дзіцячага садку ў Білева. Разам з тым, адзначае Таццяна Севярынец, пад Мінскам будуецца прэзідэнцкая бальніца за прыкладна 100 млн еўра.
“Што ім дзясяткі тысяч жыхароў Білева, Поўдня-7А? Што ім беларускі народ? Народ працуе дрэнна, беларускае купляць ані за што не хоча, дармаедаў паразвялося, пенсіянераў-паразітаў процьма. Ды ну іх! – вырашылі ў Драздах і давай сваё жыццё наладжваць: катэджы, палацы, бальніцы, машыны—усё для сябе, любімых. І ненавідземых народам. А народ абціраецца ад гэтых пляўкоў ды кажа: “Божая раса””, – падкрэсліла каардынатар БХД.
Яна таксама адзначыла, што Інвестыцыйнай праграмай Віцебска на 2016 год, зацверджанай рашэннем Віцебскага гарсавету №103 29 снежня 2015 года, запланавана будаўніцтва і рэканструкцыя паліклінікі ў «Поўдні-7» і школы і садкі ў Білева. Разам з тым у праграму не ўваходзіць рэканструкцыя культурна-спартыўнага комплексу ля Летняга амфітэатру, дзеля чаго УКБ Віцебска абвясціла тэндар на 7,69 млрд рублёў.
“План планам, а робяць што захочуць! Грошы падаткаплацельшчыкаў разбазарваюцца самым нахабным чынам: то ім хочацца замяніць яшчэ добрыя і моцныя дзверы ў гарвыканкаме, то асвятліць высотку, то адрамантаваць культурна-спартыўны комплекс, то ў іх зноўку спаўзае лесвіца з Успенскай горкі, то плітка на прывакзальнай плошчы штогод крышыцца і мяняецца. Цікава, як на гэтыя танцы паглядзяць абласная і Генеральная пракуратуры і Камітэт дзяржкантролю?” – адзначае Таццяна Севярынец.
23 траўня яна накіравала Віцебскаму гарадскому Савету дэпутатаў электронны зварот з пытаннямі наконт незаконнага парушэння Інвестыцыйнай праграмы горада.
Паводле яе, беларусы маюць права патрабаваць празрыстага бюджэту, каб адсачыць, на што чынавенства марнуе народныя грошы. Яна заклікае падтрымаць прадстаўнікоў Правацэнтрысцкай кааліцыі, далучыцца да іх і ў парламенцкай кампаніі і ў кампаніі назіранні, выкрыць фальсіфікацыі, патрабаваць, каб выбары былі празрыстыя, не бегчы да скрыняў датэрмінова. “Мы разам павінны збудаваць такое жыццё, такія ўмовы, якія мае невялікая кучка слуг, што пераблытвае ўвесь час уласныя кішэні з нашымі”, – заяўляе Таццяна Севярынец.