Адказ на артыкул у “Гомельскай праўдзе”
Прачытаў артыкул на сайце Гомельскай праўды “Хто і як хоча змяніць галоўную плошчу Гомеля» ад 16.06.2016 г. і вырашыў выказаць сваё меркаванне, бо, па-першае, у безыменным словазлучэнні “наладчык трыкатажнай вытворчасці» я ўбачыў сябе, а, па-другое, у «Гомельскай праўдзе» не ўсё ёсць так, як ёсць на самой справе.
Мяне клічуць Аляксандр Шарыпаў. Я – хрысціянскі дэмакрат. І я сапраўды працую наладчыкам абсталявання на трыкатажным прадпрыемстве, і я, сапраўды, зараз выступаю супраць будаўніцтва падземных пераходаў на плошчы Леніна ў Гомелі, і вось чаму.
У сваім артыкуле карэспандэнт «Гомельскай праўды» Вікторыя Кашпур стала на абарону гарадскіх уладаў ад групы нейкіх суб’ектаў, якая складаецца з «краязнаўцы, былога работніка «Гомсельмаша», наладчыка трыкатажнай вытворчасці, афіцыйна беспрацоўнага і педагога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі”. Улады горада, нібыта, клапоцяцца пра бяспеку гамяльчан, а мы, нібыта, супраць бяспекі, «крытычна ставімся да любых змен, што тычацца забудовы гістарычнай часткі Гомеля» і мяшаем ўвасабленню гэтай бяспекі. Аўтар артыкула зрабіў упор на тое, што мы ўсяго толькі «краязнаўца, былы працаўнік «Гомсельмаша», наладчык трыкатажнай вытворчасці, афіцыйна беспрацоўны і педагог цэнтра творчасці дзяцей і моладзі” і наша меркаванне мала што значыць, але працаваць адказным работнікам неяк перашкаджае.
Як улады пра нас, гамяльчане, клапоцяцца, мы ўсе яшчэ раз пераканаліся зусім нядаўна, калі горад стаяў на «вушах». «Клопат» пра нас мы адчувалі, адчуваем і, мяркуючы па ўсім, будзем адчуваць яшчэ вельмі доўга. І таму не трэба нам пра гэта лішні раз нагадваць. Мы ўсё помнім!
У артыкуле В.Кашпур згадвае сённяшні статус кожнага ўдзельніка «групы падтрымкі», нічога не кажучы аб нашай адукацыі, жыццёвым вопыце, як быццам у нас іх проста няма. Я, напрыклад, скончыў Гомельскі політэхнічны інстытут і для мяне не складана разабрацца ў любой тэхнічнай дысцыпліне, нават такой як архітэктурная, горадабудаўнічая і будаўнічая дзейнасць. Я, напрыклад, не маючы юрыдычнай адукацыі, у маі 2008 года выйграў суд па абароне правоў спажыўцоў – пранасіўшы чаравікі «Белвест» 2 гады, я іх вярнуў Аблгандальсаюз, бо яны парваліся, атрымаўшы грашовую кампенсацыю ў 7 разоў больш, чым была сума пазову. І з гэтай нагоды ў «Гомельскай праўдзе» ў маі 2008 года выйшаў артыкул пад назвай «Выйграць суд, што на Эверэст узысці». Я, напрыклад, не маючы юрыдычнай адукацыі ў красавіку 2012 года выйграў працоўную спрэчку, змяніўшы ў працоўнай кніжцы артыкул звальнення і атрымаўшы грашовую кампенсацыю. І, паверце, кожны з нас зможа расказаць пра сябе нешта такое, што заслугоўвае і ўвагі, і павагі. Па вялікім рахунку, які ў чалавека зараз статус, нічога не значыць. Важна, што чалавек думае, кажа і робіць. Мы ўсе добра памятаем гісторыю аднаго кіруючага работніка нашага горада. І што? Сёння – ты начальнік, а заўтра – грамадзянін асуджаны. Вось і ўвесь статус.
Аўтар артыкула сцвярджае, што наш «галоўны пасыл – любыя будаўнічыя працы «на» і «каля» ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці – Палацава-паркавага ансамбля – забароненыя». Але гэта не толькі наш пасыл – гэта патрабаванне дзеючага Заканадаўства. «Але! Давайце аб’ектыўна паглядзім на наш выпадак», – заклікае аўтар. Калі я правільна зразумеў, дык В.Кашпур просіць нашага, гамяльчан, разумення ў пытанні парушэння дзеючага Заканадаўства: маўляў, мы ж для вас стараемся. Але, Закон суворы, але ён – Закон! У гарадскіх уладаў на дадзены момант няма дазволу ад Міністэрства культуры РБ на вытворчасць якіх-небудзь работ на плошчы Леніна, бо яны ў міністэрства нават не звярталіся. А грошы на перадпраектную праектаванне ўжо выплачаныя. Вы, гамяльчане, сумняваецеся, што на плошчы Леніна можна пабудаваць падземныя пераходы? Я – не. Ніякіх тэхнічных складанасцяў не ўзнікне. У Еўропе пракапалі тунэль пад Ла-Маншам, у Швейцарыі прабілі тунэль у Альпах даўжынёй 52 кіламетры, у Мінску пабудавалі гандлёвы цэнтр «Сталіца» на плошчы Незалежнасці. Яны, калі атрымаюць дазвол, усё пабудуюць. У іх усё атрымаецца. Толькі дазволу ім не дадуць. Ва ўладаў не хопіць аргументацыі. Яны не прывыклі свае хацелкі неяк аргументаваць! Бяспека гамяльчан – гэта не аргумент. Як сказаў мэр Гомеля 6.01.2016 года бяспека каштуе велічэзных грошай. Напрыклад, для нашай бяспекі да канца 2015 года ўсталявалі 5 кіламетраў турнікетаў перыльнага тыпу (жалезных платоў)! А нам гэта трэба? А колькі гэта каштуе?
Але ўсё гэта – не самае галоўнае. Галоўнае, па-мойму, гэта тое, што аўтар спрабуе ўсіх нас пераканаць, што ўсе рашэнні гарвыканкама выключна законныя. А гэта не так! Я гэта сцвярджаю! Не ўсякае рашэнне гарвыканкама з’яўляецца законным, нягледзячы на законную працэдуру яго прыняцця. І гамяльчане павінны пра гэта ведаць і памятаць. Патрэбны прыклад? Калі ласка!
Я жыву ў доме №19 па вуліцы Кірава – рог Кірава і цяпер Ірынінскай. Дом з’яўляецца помнікам архітэктуры і па законе любыя работы на гэтым доме трэба ўзгадняць з Міністэрствам культуры. У пачатку 2000-х было вельмі выгадна прыбудоўваць 4-ы ці 5-ы паверхі на дамах у цэнтры горада. Але нашы «мудрацы» вырашылі ўсіх перамудрагеліць і нічога ў міністэрстве не ўзгадняць, бо загадзя ведалі адмоўны адказ. Яны проста змянілі адрас нашага дома: замест «Кірава 19» яны сталі называць яго «Першамайская 12». І гэта было адлюстравана ў рашэнні гарвыканкама, якое з’явілася на свет у жніўні 2004 года, дзе гаварылася, што на доме «Кірава 19» нічога прыбудоўваць не будуць, бо гэта помнік архітэктуры, а на доме «Першамайская 12» будзе прыбудаваны 4-ы паверх. З гэтым рашэннем тады кіраўнік Цэнтральнага раёна І.А.Барадзінчык разам з іншымі чыноўнікамі прыйшлі на сход жыхароў нашага дома і тыкалі гэтым рашэннем нам у твары, спрабуючы паказаць сваю ўладу і моц. Але Закон і я не дазволілі адбыцца беззаконню! З тых часоў наш дом стаіць не кранутым ужо амаль 12 гадоў.
Яшчэ прыклад? А якім дакументам, па-вашаму, афармлялася размеркаванне кватэр для жыхароў вуліцы Барыкіна? А за што пацярпеў былы старшыня гарвыканкама В.І.Пеліпец? І ўсё гэта – пра нашу гарадскую ўладу. Вы можаце сказаць, што ўсё гэта справы даўно мінулых дзён і зараз усё па-іншаму. Але вы, дарагія чытачы, памыляецеся. Зноў патрэбен прыклад? Свежанькі? Калі ласка!
Паважаныя! Падземныя пераходы на плошчы Леніна – гэта другая частка марлезонскага балета. Рэканструкцыя Пралетарскай, Гагарына, Інтэрнацыянальнай – гэта трэцяя частка таго ж балета. А першай часткай марлезонскага балета было збудаванне колцавых развязак на вуліцы Кірава. Я заняўся вывучэннем пытання іх з’яўлення. І я вас запэўніваю, што законнасць з’яўлення колцавых развязак на вуліцы Кірава выклікае вялікія сумневы. За паўгода ў мяне накапілася вялікая перапіска з рознымі ўстановамі. Я планую размясціць мае звароты і адказы на іх у сеткі інтэрнэт, у тым ліку і на сайце «Моцных навін», для агульнага азнаямлення і абмеркавання. І тады ў вас саміх сфармуецца сваё меркаванне адносна рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гомеля.
А В.Кашпур хачу давесці да ведама, што распрацоўкай генплана Гомеля займаецца «БЕЛНІІГОРАДАБУДАЎНІЦТВА». Грамадскае абмеркаванне новага генплана Гомеля, нібыта, праводзілася ў кастрычніку-лістападзе 2015 года. Генплан цяпер знаходзіцца на ўзгадненні ў Савеце міністраў. І пасля яго зацвярджэння ўжо ніхто з грамадзян нічога не зможа там змяніць. Таму, не трэба ўводзіць гамяльчан у зман, не трэба даваць ім надзею на магчымасць змяненняў у будучыні. Мы гэта ўжо прайшлі і зразумелі, што змагацца трэба на перадпраектнай стадыі. Што напісана пяром, не высечы сякерай!
І напрыканцы хачу нагадаць, што Астап Бэндэр шанаваў крымінальны кодэкс. А я кажу вам, што толькі знаходзячыся ў прававым полі можна разлічваць на абарону Закона. Вывучайце дзеючае заканадаўства і памятайце, што ў нас ёсць не толькі абавязкі, але і права. Давайце будзем разам карыстацца правамі, дадзенымі нам Законам. Закон працуе, калі ім карыстаюцца!