Мінскі абласны суд адмовіўся тлумачыць, чаму актывістка БХД мусіць адказваць за рашэнні ўладаў
18 жніўня ў Мінскім абласным судзе адбылося паседжанне судовай калегіі па грамадзянскіх справах па разгляду прыватнай скаргі актывісткі БХД Валянціны Вяжэвіч на пастанову суда Мінскага раёна ад 8 чэрвеня, у якой ёй адмовілі ў тлумачэнні рашэння суда Мінскага раёна ад 5 верасня 2015 года па частцы судовых выдаткаў.
Актывістка прасіла патлумачыць, з якіх канкрэтных сум складаюцца сумы судовых выдаткаў, вызначаныя ў згаданым рашэнні суда. На падставе якога закона яна была прызнаная судом адказчыкам па пазове аб прызнанні незаконнымі рашэнняў Гаранскага сельвыканкама, а таксама якім чынам яна павінна выканаць асноўнае патрабаванне па пазове: “прызнаць рашэнні Гаранскага сельвыканкаму №№ 1454, 33 незаконнымі».
Судовае паседжанне вёў намеснік старшыні Мінскага абласнога суда Аляксей Ляўковіч, які таксама адмовіў у тлумачэнні рашэння суда ад 5 верасня 2015 года.
“На маю думку, суд прыняў такое рашэнне па той прычыне, што ім няма чаго сказаць. Закон аб прыцягненні фізічнай асобы да адказнасці за прыняцце дзяржаўнымі органамі рашэнняў адсутнічае. Таму і адказу няма на мае скаргі. Мяркую, што адказчыкам па ўзгаданай справе я прызначана, каб матэрыяльна пакараць мяне за маю грамадзянскую пазіцыю. Далей я буду абскарджаваць гэтыя рашэнні ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь”, – заявіла Валянціна Вяжэвіч.
Яна адзначыла, што на суд па яе справе прыйшлі грамадзяне, якія таксама маюць судовыя цяжбы па зямельных пытаннях, у тым ліку, звязаныя з рашэннямі Гаранскага сельвыканкама.
“Гэта значыць, што мая справа не адзіная. А калі гэта так, то, мяркую, што гэта праблема ўсёй Мінскай вобласці, а, магчыма, і Беларусі. Мяркую, што, калі б чыноўнікі, якія прымаюць рашэнні, не адпавядаючыя заканадаўству, неслі за гэта матэрыяльную адказнасць, то такіх рашэнняў магло б і не быць. Аднак, мяркуючы па сваім досведзе, суды ускладаюць матэрыяльную адказнасць (судовыя выдаткі) на простага грамадзяніна (у маёй справе – на мяне) і на бюджэт. Пры гэтым ад тлумачэнняў ухіляюцца, выкарыстоўваючы адно слова “адмовіць””, – падкрэсліла актывістка БХД.