Бабруйскі актывіст: кошт падмурку 50 млн рублёў, а ўлады спісалі на яго 750 млн
Бабруйскі актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Уладзімір Гайдукевіч даслаў у Адміністрацыю прэзідэнта скаргу на ініцыятывы мясцовых уладаў па пабудове “нікому непатрэбных збудаванняў”.
Так, улетку 2016 года ў лесе напярэдадні дня гораду яны ўсталявалі знак коштам 1 млрд недэнамінаваных рублёў (65 тыс. даляраў на ліпень 2016 года). Такія лічбы прыводзіць раённая газета “Бабруйскае жыццё”.
“Але аднаго манумента ім здалося мала, і адчуваючы беспакаранасць, узвялі на падмурку, які ацанілі ў 750 млн недамінаваных рублёў (46 тыс. даляраў на жнівень 2016 года), спісаны самалёт”, – заяўляе актывіст, дадаючы, што рэальны кошт такога падмурку – 50 млн рублёў (3 тыс. даляраў на тую ж дату).
“Астатняе скралі і падзялілі. А на звароты з просьбай засыпаць лужыны на дарогах гравіем і пяском мне адказваюць, што грошаў няма. Але ж на мільярдную каракаціцу ў іх сродкі ёсць. Вось такая вертыкаль улады”, – дадаў Уладзімір Гайдукевіч.