Віцебскія ўлады: правая рука не ведае, што робіць левая
Падчас перадачы подпісаў пад калектыўным зваротам у абарону парку Партызанскай славы, будынку музея і помніка Уладзіміру Караткевічу, не магла не задаць пытанні загадчыку аддзела па зваротах грамадзян Віцебскага гарвыканкама Уладзіміру Вараб’ёву наконт адкрыцця медыцынскага дзіцячага офісу ў Білева- 5 кабінетаў, якія, па словах начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя Юрыя Дзеркача ў інтэрв’ю “БЕЛТА” яшчэ на пачатку верасня, адчыняцца ў кастрычніку бягучага года, а ў лістападзе – 5 для дарослых.
“Не ведаю, гэта ведае Станіслаў Іосіфавіч Цітовіч (галоўны доктар Віцебска)”.
“Хм! Тады другое пытанне: навошта зарылі катлаван пад білеўскую школу? Па плане павінны доўжыць будаўніцтва ў 4-м квартале гэтага году…” – “Як зарылі, так і адкапаем! Зарылі, каб не было там больш трагедый (у чэрвені ў адной з ям пад катлаван школы патануў першакласнік, а пра небяспечнасць гэтых ям ініцыятыва “За якасную медыцыну” біла ў набат яшчэ ў сакавіку).
Далей размова пайшла пра разбазарванне бюджэтных сродкаў: вырыць катлаван – грошы, закапаць – грошы, адкапаць – грошы. Дык дзе ж яны будуць? Вараб’ёў нялоўка пасміхаецца і разводзіць рукамі.
Далей тыя ж пытанні задала галоўнаму спецыялісту Віцебскага Савета дэпутатаў Мацвею Марозаву (подпісы перадаваліся і туды). Бадзёра адрапартаваў: “Вось нядаўна было паседжанне, выдзелены грошы на абсталяванне медыцынскага офісу ў Білева” – “ Аднаго?” – “Так” – “Абяцалі ж 5 для дзяцей у кастрычніку, 5 для дарослых у лістападзе” – “Адзін для дарослых” – “???????”.
І пайшла я з яшчэ большымі пытаннямі запісвацца на прыём да старшыні Савета дэпутатаў Уладзіміра Бялевіча. 8 лістапада задам. А пакуль думаю: калі ж наступіць сінхрон у тым, што ўлады афіцыйна абяцаюць і што выконваюць? Калі наступіць момант ісціны?