Павел Севярынец узяў удзел у Дзядах-2016
Традыцыйная акцыя з нагоды дня памяці продкаў «Дзяды» прайшла ў нядзелю, 30 кастрычніка, у Мінску. Яна арганізаваная Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй – БНФ і санкцыянавана ўладамі, паведамляе БелаПАН.
Сабраўшыся на пляцоўцы каля гадзіннікавага завода «Луч», яго ўдзельнікі пачалі ў 11.35 шэсце ва ўрочышчы Курапаты – месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, дзе прайшоў жалобны мітынг.
У шэсці па тратуары ўздоўж праспекта Незалежнасці ўдзельнічалі прыкладна 200 чалавек. Яны неслі мноства бел-чырвона-белых сцягоў і сцягоў з сімволікай КХП-БНФ, вялікую расцяжку са словамі «Фашызм мае шмат колераў», на якой намаляваныя свастыкі і серп з молатам. Наперадзе калоны – крыж, які будзе ўсталяваны ва ўрочышчы. Сярод удзельнікаў акцыі – актывісты КХП-БНФ на чале з намеснікам старшыні партыі Юрыем Беленькім, Павел Севярынец, Леанід Кулакоў, Алесь Марачкін, удзельнікі нашумелай «справы графіцістаў». Шэсце суправаджала міліцыя, вялася відэаздымка.
Некаторыя маніфестанты неслі партрэты расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года беларускіх літаратараў. Так, мінчанка Святлана расказала БелаПАН, што ў яе руках – партрэт паэта і перакладчыка Алеся Дудара, які тройчы арыштоўваўся, падвяргаўся катаванням і ў выніку быў расстраляны.
Яшчэ адзін удзельнік акцыі нясе партрэт беларускага літаратара Максіма Гарэцкага. Ён адзначыў, што ў тую фатальную ноч 1937 года НКВД расстраляў больш за 100 чалавек, у тым ліку больш за 20 літаратараў, эліту нацыі. Удзельнік шэсця распавёў, што ў ліку расстраляных у гады сталінскіх рэпрэсіяў быў і яго дзядзька, якому на той момант было ўсяго 20 гадоў. «Віна» яго была ў тым, што ён жыў у вёсцы на мяжы з Польшчай, а значыць, мог быць патэнцыйным шпіёнам. Удзельнік акцыі правёў паралелі паміж савецкай уладай і цяперашнімі беларускімі ўладамі, бо, паводле яго, многія чыноўнікі сёння ўжываюць тыя ж метады, што і іх папярэднікі. «Адсюль у тым ліку і ціск на незалежныя СМІ, якія вымушаныя выжываць у гэтых умовах», – заўважыў мужчына.
Каментуючы нешматлікасць шэсця, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец адзначыў: «Важна тое, што «Дзяды» ёсць, нават калі прыходзіць некалькі чалавек». «Я памятаю Дзяды ў 1995 годзе, калі я студэнтам-першакурснікам удзельнічаў у іх. Там было некалькі соцень чалавек, і надвор’е была таксама не тое каб добрае, – сказаў Севярынец. – Але мы памятаем, што на наступны год выйшлі тысячы чалавек на акцыю ў абарону незалежнасьці. Таму Дзяды – гэта такі агеньчык, які цепліцца, які тлее, гэта людзі, якія захоўваюць дух памяці. Таму хай сабе гэты дзень ціхі, сумны, але ён – светлы і вельмі значны для беларусаў. Тое, што сёння прыйшла палова людзей ва ўзросце, а другая палова – моладзь, балансуе сітуацыю. Гэта акцыя нацыянальнай памяці, якая пры любой колькасці будзе мець значэнне».
Адказваючы на пытанне, чаму ўсё ж такі людзі не выходзяць на вуліцу, нягледзячы на тое, што вулічныя акцыі сёння адносна бяспечныя для ўдзельнікаў, Севярынец сказаў, што гэта «вельмі цікавы феномен». «Вельмі паказальная сітуацыя была ўчора, калі тры тысячы беларусаў раўлі «Будзь смелым!» разам з Міхалком на канцэрце Brutto, а ў гэты ж час 15 маладафронтаўцаў стаялі каля КДБ і іх затрымлівалі, – сказаў Севярынец. – Мне здаецца, нацыя яшчэ рыхтуецца і яшчэ выспявае, і мы як раз у той фазе, калі спее новае пакаленне, якое павінна выйсці на вуліцы. Так было ў 1995 годзе, калі здавалася, што нацыянальны рух ужо патушылі, але праз год выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Так і цяпер мне здаецца, што ўсе гэтыя вышыванкі, беларусізацыя, канцэрты на стадыёнах – усё гэта рыхтуе пакаленне ў палітычным плане, якое і выйдзе на вуліцу неўзабаве».
Як паведаміў Юры Беленькі, заяўку арганізатараў акцыі ўлады задаволілі ў поўным аб’ёме, але пры гэтым супрацоўнікі гарвыканкама ўключылі ў яе пункт аб аплаце заяўнікамі паслуг міліцыі і хуткай дапамогі.
«Дзяды» штогод адзначаюцца ў Беларусі 2 лістапада. Прадстаўнікі апазіцыі да дня памяці продкаў арганізуюць традыцыйнае шэсце і мітынг у Курапатах.