Суд у Горадні не адмяніў штрафаў за акцыю памяці зьніклых палітыкаў

11 лістапада 2016 08:58  |  Палітыка

Суд у Горадні не адмяніў штрафаў за акцыю памяці зьніклых палітыкаў

Гарадзенскі абласны суд разгледзеў скаргу гарадзенскіх актывістаў Сяргея Верамеенкі (БХД), Анатоля Мышкевіча і Віталя Мойсы на рашэньне суду Ленінскага раёну прызнаць іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце 16 верасьня. Вышэйшая інстанцыя пакінула бязь зьменаў гэтае рашэньне. Падчас акцыі актывісты трымалі плякат з партрэтамі зьніклых палітыкаў.

Судзьдзя Рачкоўскі агучыў скаргу на рашэньне суду Ленінскага раёну, паводле якога Верамеенка, Мышкевіч і Мойса былі прызнаны вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце 16 верасьня ў Горадні. У скарзе актывісты выставілі толькі адзін аргумэнт: закон і падзаконныя акты аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў не адпавядаюць Канстытуцыі Беларусі, а таму парушэньня няма.

Судзьдзя зазначыў, што ў гэтым дакумэнце не абскарджаны абставіны справы, і зьвярнуўся да Верамеенкі з пытаньнем, ці мае ён што дадаць да выкладзенага ў скарзе. Верамеенка адрэагаваў на гэта толькі адным сказам:

«Мне няма чаго дадаць, паколькі Канстытуцыя Беларусі гарантуе кожнаму грамадзяніну Беларусі свабоду сходаў, мітынгаў, а таксама свабодна выказваць свае думкі і погляды».

Судзьдзя больш не задаваў ніякіх пытаньняў і абвясьціў перапынак. Празь некалькі хвілінаў зачытаў рашэньне, паводле якога рашэньне Ленінскага суду засталося бязь зьменаў.

У судзе адсутнічалі Анатоль Мышкевіч і Віталь Мойса. Судзьдзя адзначыў, што іхныя скаргі ідэнтычныя. Іх таксама не задаволілі.

Пасьля разгляду скаргі Верамеенка патлумачыў Свабодзе, чаму ён не абскарджваў рашэньне Ленінскага суду па сутнасьці абставінаў справы.

«У Канстытуцыі чорным па белым напісана, што грамадзянін Беларусі мае права на свабоду сходаў і мітынгаў, і гэтыя асноўныя правы павінны выконвацца ў дзяржаве. А на практыцы атрымліваецца так, што ў Горадні колькі ня просіш дазволаў на пікеты, сходы, ніколі ня можаш іх атрымаць. Гэтая практыка працягваецца гадамі і нічога не зьмяняецца. Я як грамадзянін Беларусі ім нічым не абавязаны, а вось яны нам абавязаныя, паколькі мы іх утрымліваем на свае падаткі. Яны мусяць выконваць заканадаўства, а не прымаць такія рашэньні, якія ім падабаюцца».

Падчас разгляду скаргі ў судзе прысутнічаў сябра Камітэту абароны «Салідарнасьць» Эдвард Дзьмухоўскі. Паводле яго, рашэньне абласнога суду было чаканым, паколькі ў гэтай сфэры ў Беларусі дагэтуль нічога не зьмяняецца.

«Самі працэсы, разгляды скаргаў адбываюцца толькі дзеля выгляду таго, што ў Беларусі працуе заканадаўства. Судзьдзі прымаюць рашэньне, пры гэтым ня слухаюць ніякіх аргумэнтаў, уся працэдура, як сёньня, працягваецца 2-3 хвіліны. А потым давайце ў бюджэт 20-25 базавых велічынь. Дык на якім узроўні ў нас тады заканадаўства? Гэта што, толькі дзеля таго, каб зарабляць грошы ў пусты бюджэт?»

Гарадзенскі актывіст БХД Сяргей Верамеенка рашэньнем суду Ленінскага раёну аштрафаваны на 525 рублёў (25 базавых велічынь), Анатоль Мышкевіч і Віталь Мойса — на 420 рублёў (20 базавых велічынь). Рашэньнем Ленінскага суду Горадні ўсе прызнаныя вінаватымі ў тым, што бралі ўдзел у несанкцыянаваным пікеце 16 верасьня. На Савецкай вуліцы яны трымалі ў руках плякаты, на якіх былі здымкі зьніклых апазыцыйных палітыкаў і надпіс «Памятаем!».

Svaboda.org

Болей навін