Марына Хоміч: праціўнікі беларускай дзяржаўнасці маюць бесперашкодны доступ да ўніверсітэцкіх трыбун
Сёння носьбіты злачынных для Беларусі ідэй маюць бесперашкодны доступ да трыбуны, з якой беларускай моладзі абвяшчаюць свой імперскі погляд на нашу гісторыю і дзяржаўнасць. Такім чынам лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч пракаментавала правядзенне прарасейскай арганізацыяй “Русь Маладая” ў Беларуска-Расейскім універсітэце ў Магілёве семінару «Гісторыя Расійскай дзяржаўнасці — гэта гісторыя расійскага войска» .
“Што гэта за погляд, здагадацца не складана: адмаўленне права беларусаў на дзяржаву (толькі пад крылом Расеі!), сваю веру, гісторыю і мову. Але наколькі новыя па змесце гэтыя ідэі? Яны – састарэлыя і амаль нязменныя з сярэдзіны ХІХ ст. Толькі ж ідэйныя заходнерусісты працягваюць талдычыць іх як мантру і спадзяюцца знайсці новых прыхільнікаў. І праведзены семінар у Магілёве таму пацвярджэнне”, – мяркуе яна.
“Мы маем справу са звычайнай ідэалагізаванай прафанацыяй, мэта якой – уздзеянне на свядомасць моладзі. І хай сказанае супярэчыць навуцы, для іх галоўнае – казаць і казаць уплывова. А галоўнае, каб ім не перашкаджалі«гісторыкі нацыяналістычнага толку», то бок носьбіты любых іншых поглядаў, якіх, вядома, “руска-светныя” спікеры на свае мерапрыемствы не запрашаюць”, – падкрэсліла лідар МХД.
Пры гэтым яна задалася пытаннем, як у незалежнай беларускай дзяржаве можна ставіць пад сумнеў права беларусаў на сваю ўласную дзяржаву? “Куды глядзіць КДБ? У надзённых абставінах, калі Украіна вядзе вайну за сваю свабоду менавіта супраць ідэй “рускага свету”, публічна абвяшчаць гэтыя ідэі ў Беларусі – небяспечна. Чаму тыя, хто не прызнае беларускасць, мае адкрыты доступ да моладзевай аўдыторыі, а носьбіты ідэй і поглядаў з пазіцый беларускасці такога доступу не маюць, а часам і церпяць пераслед? Няўжо ўлады не разумеюць, што ў выпадку расейскай агрэсіі носьбіты ідэй “рускага свету” не будуць са зброяй у руках бараніць Беларусь. Выхоўваць беларускую моладзь трэба на ідэях беларускасці, па прыкладзе слаўнага мінулага і дзейнасці нашых выбітных продкаў, не азіраючыся на меркаванне суседзяў: іх погляд беларусаў на свае ўласныя падзеі не цікавіць!” – заявіла Марына Хоміч.