Севярынец пра справу Кондруся: Сістэма дэградавала да метадаў нацыстаў (відэа)

24 лістапада 2016 12:09  |  Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пракаментаваў рашэнне ўладаў накіраваць удзельніка Плошчы – 2010 на экспертызу ў Навінкі.

Парэзаў сабе вены ў зале суда. Трапіў на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Уладзіміра Кондруся накіравалі ў «Навінкі». Справа апошняга ўдзельніка Плошчы-2010 набірае драматызму.

Севярынец пра справу Кондруся: Сістэма дэградавала да метадаў нацыстаў (відэа)

І гэта пры тым, што Кондруся затрымалі праз пяць гадоў пасля падзеяў на плошчы Незалежнасці ў Менску ў выбарчы вечар. Мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў масавых закалотах. За што пагражае да 8 гадоў зняволення. Кіруе працэсам суддзя Святлана Бандарэнка. Паводле блізкіх, Уладзімір не цярпіць хлусні, а таму ягоны крок адчаю і пратэсту быў скіраваны перадусім супраць несправядлівасці. У «Гарачым каментары» – сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Павел Севярынец: Гэта самыя мярзотныя традыцыі савецкай гэбэшнай карнай псіхіятрыі, калі чалавека з ясным розумам, які свядома і дэманстратыўна паказвае сваё стаўленне да хлусні ў судзе, вязуць у псіхушку і спрабуюць аформіць як ненармальнага. Праз гэта прайшлі шмат якія савецкія дысідэнты.

«Белсат»: У Беларусі супраць іншадумцаў былі штрафы, былі арышты, была турма. Што – зараз будуць варʼятні?

Павел Севярынец: Думаю, што рэжым да гэтага ідзе. Еўрапейскія палітыкі, якія сустракаюцца з ім на самым высокім узроўні, фактычна патураюць гэтаму.

І мы бачым, як больш вынаходліва, крывадушна і брыдка рэжым выкарыстоўвае дзяцей тых, на каго ён нацэліўся, сваякоў і сяброў, тэму псіхічнага здароўя. Думаю, што дойдзем да дна з такім трэндам.

«Белсат»: То бок атрымоўваецца, што ў сённяшняй сістэмы не засталося ніякага чалавечага аблічча?

Павел Севярынец: За 22 гады сапраўды сістэма дэградавала ад такога калгаснага баевіка, які гатовы проста разʼюшана біць у твар, да метадаў, якія б назвалі метадамі інквізіцыі. Тут ужо блізка да такіх нацысцкіх метадаў. І баюся, што ў выпадку з Уладзімірам Кондрусем яшчэ мы не перагарнулі апошнюю старонку гэтых здзекаў.

«Белсат»: Чалавек робіць скрайні крок адчаю ў залі суда. На што можна лічыць у гэтай сітуацыю падсуднаму і ягоным родным?

Павел Севярынец: Падсудны трымаецца мужна.

Ён адзін ламае сцэнар уладнага спектаклю, адзін супрацьстаіць сістэме. Тут трэба шанаваць ягоную мужнасць і разумець яго. Мы можам выказваць салідарнасць, напрыклад, заўтра на плошчы Свабоды гучна заявіць аб патрабаванні свабоды Кондрусю.

Таксама дасылаць абураныя лісты па ўсіх магчымых адрасах, і, вядома, маліцца.

«Белсат»: Але навошта сістэме патрэбны гэты вязень у час «пацяплення» стасункаў з Захадам?

Павел Севярынец: Логіка рэжыму такая, што трэба трымаць у падпарадкаванні і страху нават тады, калі ідзе так званая лібералізацыя. А для гэтага любы, хто кідае прамы выклік, павінен быць дэманстратыўна пакараны. Прычым так, каб усім астатнім не заманулася ўстаць поплеч. Ясна, што людзі зараз баяцца штрафаў і не выходзяць на вуліцы. Таму што могуць забраць лецішчы, кватэры, машыны за няплату штрафаў.

Сістэма пэўнага выніку дасягнула. У выпадку з Кондрусемактыўныя і цвёрдыя праціўнікі атрымліваюць сігнал: мы будзем знішчаць вашую рэпутацыю, мы будзем знішчаць вашае здароўе, мы будзем рабіць вас псіхамі, мы дойдзем да канца, каб вы не стаялі супраць.

І гэта логіка бандыцкая і садысцкая, на жаль, працуе. Прычым робіцца ўсё дэманстратыўна.

«Белсат»: Спадар Павел, пры гэтай логіцы, якую вы называеце «бандыцкай», ці дастаткова мірных акцыяў і малітваў?

Павел Севярынец: Насамрэч супрацьстаяць гвалту іншым гвалтам – гэта не шлях, прынамсі, хрысціянскіх дэмакратаў. Ёсць шмат прыкладаў, калі дысідэнты сваёй цвёрдай пазіцыяй, будзь гэта Сахараў ці Мандэла, дасягалі перамогі. Хай сабе не адразу, хай на гэта пайшлі гады і нават дзесяцігоддзі. І таму тут на нашым баку праўда. Але павінныя быць на нашым баку цярпенне, адкрытасць і салідарнасць. Тады праўда будзе з намі.

«Белсат»: Але праўда калі? Магчыма, праз дзесяцігоддзі і страчаныя пакаленні?

Павел Севярынец: Альтэрнатывай гэтаму ёсць паўстанне. Хрысціянскія дэмакраты супраць узброенай барацьбы, яны дапускаюць яе толькі, калі трэба абараняць сваю радзіму ад акупанту.

І зараз крок за крокам рэжым ставіць людзей перад выбарам акурат на гэтую мяжу: ці не акупацыя гэта? І, вядома, мяжа людскога цярпення не дзесьці за даляглядам, такое ўражанне, што яна недзе блізка. І гэта трагічна.

Размова цалкам – у відэа вышэй.

Белсат

Болей навін