“Быў. Ёсць. Буду” – у Віцебску ўшанавалі памяць Уладзіміра Караткевіча
26 лістапада віцебскія прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці адзначылі 86-я ўгодкі з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, пісьменніка, драматурга, паэта Уладзіміра Караткевіча. Бел-чырвона-белы сцяжок з выявай Пагоні, знічка, кветкі ўпрыгожылі помнік славутаму земляку.
На пляцоўцы ля помніка адбылася ўрачыстая імпрэза. Першым узяў слова старэйшы сябра ТБМ Іосіф Навумчык. Ён распавёў, як у далёкія 70-я гады мінулага стагоддзя пазнаёміўся асабіста з Уладзімірам Караткевічам, які напісаў да 1000-годзя горада п’есу “Званы Віцебска”, як паўплывала на яго гэтае знаёмства – з таго часу стаў заўзятым прыхільнікам беларускай мовы і культуры.
Каардынатар аргкамітэту БХД Віцебшчыны Таццяна Севярынец звярнула ўвагу на час, які аддзяляе сучаснікаў ад моманту смерці пісьменніка, на яго прароцкія словы “Быў. Ёсць. Буду”, а таксама прывяла жыццёвыя высновы Караткевіча, якія сталі жыццёвым крэда і для яе: “Кожны чалавек носіць сваё неба над галавой”, “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, як не робіць ніхто – і тады ты пераможаш”, “Душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям. Шабля – ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць належаць толькі табе і больш нікому”…
Хрыстафор Жаляпаў, адзін са стваральнікаў дэмакратычнага руху на Віцебшчыне 90-х, падкрэсліў, што сам па нараджэнні не беларус, але па лёсе апынуўся ў Беларусі, на ўсё жыццё палюбіў і прыняў яе мову і культуру і палічыў сваім абавязкам працаваць на ніве барацьбы за самастойнасць і незалежнасць краіны, якая дала свету такога сына, як Караткевіч.
Кастусь Смолікаў чытаў вершы Караткевіча. “Быў. Ёсць. Буду” – рэфрэнам гучала каля помніка, дзе сабралася больш за 20 чалавек.
Усхваляваны ўдзельнік імпрэзы, хлопец з дзісенскай вёскі, прачытаў і свой верш па-беларуску, у якім гучалі і роспач, і надзея.
Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікі ўзялі ўдзел у дабрачыннай акцыі на карысць тым, каму патрэбна дапамога. Адзенне, прадукты, грошы – усё было перададзена людзям там жа, каля помніка Караткевічу, які ў нас гэтае чалавечае абуджае сваімі творамі.