МХД і Алена Анісім правялі круглы стол аб перспектывах беларускамоўнай адукацыі (фота, відэа)
12 снежня ў Менску па ініцыятыве Маладых хрысціянскіх дэмакратаў і дэпутата Алены Анісім адбыўся круглы стол на тэму “Перспектывы падтрымкі і развіцця беларускай мовы ў сістэме адукацыі”.
У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, студэнты, педагогі, бацькі дзяцей, якія навучаюцца ў беларускамоўных школах і класах, якія распавялі пра свой досвед змагання. На мерапрыемства таксама былі запрошаныя прадстаўнікі дзяржаўных і мясцовых органаў улады, адказных за сістэму адукацыі. Іх прадстаўнікі зарэгістраваліся для ўдзелу ў круглым стале, але 9 снежня ўсе раптам адмовіліся ад удзелу.
Падчас круглага стала былі абмеркаваныя прапанаваныя МХД першыя крокі па паляпшэнні стану беларускамоўнай адукацыі. Па выніках абмеркавання быў складзены калектыўны зварот, пад якім плануецца пачаць збор подпісаў.
У прыватнасці, прапануецца:
– пры напісанні бацькамі заявы на прыём дзіцяці ва ўстанову адукацыі пісьмова прапаноўваць у форме заявы выбар мовы навучання;
– забяспечыць рэальнае раўнапраўе моў у сістэме адукацыі, у тым ліку, ва ўсіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, на ўсіх факультэтах і спецыялізацыях павінны быць створаныя беларускамоўныя плыні (групы);
– у кожным раённым цэнтры стварыць адну беларускамоўную гімназію як мінімум;
– павялічыць колькасць урокаў беларускай мовы ў сістэме школьнага навучання;
– у сістэме сярэдне-спецыяльнага навучання прадугледзець вывучэнне шэрагу дысцыплін на беларускай мове;
– стварыць універсітэт з беларускай мовай навучання як установы сучаснага ўзроўню для падрыхтоўкі спецыялістаў па прэстыжных і запатрабаваных у перспектыве накірунках дзейнасці;
– з мэтай заахвочвання выкладання розных дысцыплін на беларускай мове зрабіць надбаўку, у памеры 30% да акладу настаўнікаў і выкладчыкаў;
– прадметы, агульнагуманітарнага цыклу, як гісторыя, геаграфія, грамадазнаўства і інш., выкладаць на беларускай мове;
– распрацаваць заканадаўчы акт аб адукацыі з улікам досведу розных краін і патрэбамі сучаснага грамадства на беларускай мове.
“Мы не мае ілюзій, што заўтра ўсе будуць размаўляць на беларускай мове. Але першыя крокі, якія мы прапаноўваем, варта зрабіць ужо сёння. Наогул беларуская мова павінна не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць беларускі народ: і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, і палітыкаў, і чыноўнікаў”, – адзначыла ў каментары bchd.info лідар МХД Марына Хоміч.
Таксама было ўзнятае пытанне недахопу кваліфікаваных кадраў для беларускамоўных школаў і класаў. Было вырашана стварыць бацькоўскі камітэт, які будзе маніторыць гэтую сітуацыю.