Разважаючы над указам, альбо “Куханька для…”
Атрымаўшы адказ кіраўніка спраў Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Сысоева на свой зварот наконт куханькі за 1200$ для аблвыканкаму, палезла ў інтэрнэт шукаць, што ж гэта за указіўка такая. Ёсць! Праўда, “вытрымкі”, але там знайшла і пералік асобаў, каму дзяржава за кошт і рэспубліканскага, і мясцовых бюджэтаў надае арэнднае жытло “В целях предоставления отдельным категориям государственных служащих арендного жилья , создания надлежащих условий для выполнения ими служебных обязанностей, их безопасности и (или) охраны государственных секретов…».
На фоне стабільна- татальнага крызісу, зацягвання пятлі драконаўскіх законаў па адцісканні грошай у насельніцтва Указ выглядае ўрачыста здзекліва. Увесь яго тут прыводзіць не мае сэнсу-дастаткова такім цікаўным, як я, залезці ў нэт ды пачытаць, каб яшчэ раз уразіцца цынізмам улады.
Я спынюся на лічбах: колькасць асобаў нацыянальнага масштабу, якім даецца арэнднае жытло ў Менску – 217 (прэзідэнт, намеснікі-памагатыя, міністры, пракуроры, дэпутаты, сенатары); за кошт мясцовых бюджэтаў +77 дзеячоў-рэгіяналаў + па два чалавекі па гарадах гарадскога ці абласнога падпарадкавання… – Карацей, добрая тысяча крывасмокаў набіраецца. А дадаць сюды 16 ці то 18 рэзідэнцый… Дарэчы, кампутар ніяк не захацеў выдаваць сакрэт, а колькі ж за камунальныя паслугі плоцяць арэндатары? Таямнічая фраза – “у межах базавай адзінкі”.
А, яшчэ Указ прадугледжвае сітуацыі, калі камусьці штосьці не спадабаецца з “оборудования” (тлумачыцца: мебель, бытовые приборы), то ён мае права замяніць у межах 25% ад усёй сметы.
Што тут нейкая куханька за 1200$? Пырскі!
Дзе тут здзіўляцца, што 25 кастрычніка 1917 года натоўп змораных раз’юшаных рабочых і матросаў разнёс ушчэнт Зімовы Палац, гадзіў у шматмільённыя кітайскія вазы ды рваў шыкоўныя парт’еры на парцянкі.
Скажыце мне, што дзяржаўныя мужы, якія давялі краіну да дэфолту, маюць права на “надлежащие условия”- не пагаджуся!
Таццяна Севярынец