Хрысціянская дэмакратыя: айцы Царквы і хрысціянскія мысляры Сярэднявечча ды Новага часу

07 студзеня 2017 20:14  |  Палітыка

Хрысціянская дэмакратыя: айцы Царквы і хрысціянскія мысляры Сярэднявечча ды Новага часу

На тэалагічнае і філасофскае абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі найбольшы уплыў аказалі найбуйнейшыя хрысціянскія мысляры нашай эры: айцец Царквы святы Аўрэлій Аўгусцін (354-430), вядучы каталіцкі багаслоў Тамаш Аквінскі (1225-1274) і адзін з заснавальнікаў евангельскага (пратэстанцкага) руху Жан Кальвін (1509-1564). Ідэі Аўгусціна, выказаныя ў фундаментальнай працы “Пра Горад Божы”, вучэнне Аквінскага, прынятае як інтэлектуальная платформа Каталіцкім Касцёлам і “пратэстанцкая этыка”, распрацаваная й увасобленая ў жыццё Жанам Кальвінам, сталі падмуркам для ідэолагаў хрысціянскай дэмакратыі Новага часу – такіх як Абрахам Кёйпер (1837-1920), Жак Марытэн (1882-1973), Эмануэль Мунье (1905-1950) і іншых.

Многія еўрапейскія дзяржавы і грамадствы 4-18 стст. нясуць у сваёй палітычнай архітэктуры яўныя прыкметы практычнай хрысціянскай дэмакратыі. Дамінаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў і шырокі сацыяльны ўплыў цэркваў арганічна дапаўняліся гарадскім самакіраваннем, цэхавымі супольнасцямі, моцнымі сямейнымі традыцыямі, развіццём таварна-грашовых рынкавых адносін адначасова з сістэмай дабрачыннасці і сацыяльнага абавязку.

Перспектыўнай хрысціянска-дэмакратычнай мадэллю было, да прыкладу, Вялікае Княства Літоўскае 15-16 стст. Падставовая дэмакратычнасць (вечавыя традыцыі, падзел галінаў улады, выбары вялікага князя, магдэбурскае права, магутнасць пласта “люду паспалітага”, соймы і соймікі, Паны-рада) гарманічна спалучаліся тут з хрысціянскай этыкай як грамадскай і сацыяльнай нормай. Каталіцкія ордэны, праваслаўныя брацтвы і пратэстанцкія зборы адыгрывалі ролю своеасаблівых палітычных партыяў, у магістратах буйных гарадоў кіраванне адбывалася паводле міжканфесійнай ратацыі, квітнелі, як бы зараз сказалі, плюралізм ды пэрсаналізм, а найважнейшыя пытанні вырашаліся шляхам галасавання.

Больш падрабязна хрысціянска-дэмакратычны феномен цывілізацыі ВКЛ мы разгледзім у наступным раздзеле кнігі.

З кнігі Паўла Севярынца “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.

Працяг будзе. #100гадоўБХД

Болей навін