Народ і краіна
1.1. Адраджэнне
1.1.1. Наш вобраз Беларусі – гэта незалежная, дэмакратычная дзяржава, дзе абараняюцца правы і свабоды чалавека, краіна хрысціянскага адраджэння ў сэрцы Еўропы.
1.1.2. Уся Заходняя цывілізацыя вось ужо 2000 гадоў будуецца на хрысціянскіх падмурках, таму сапраўды еўрапейская Беларусь можа паўстаць толькі з магутным духоўным рухам, са светапоглядным абнаўленнем усяго грамадства. Беларуская нацыянальная ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народа Беларусі ў найважнейшых формах – незалежнай дзяржаве, беларускай мове, паважных міжнародных стасунках, дасягненні дабрабыту, сучаснай культуры – на падставе хрысціянскага зместу.
1.1.3. Мы супраць бездухоўнасці, амаральнасці і спустошанасці. Беларусі неабходна поўнамаштабнае духоўнае абуджэнне, адраджэнне ў людскіх душах стваральнага, жыццясцвярджальнага і аптымістычнага, сутнасна хрысціянскага і патрыятычнага светапогляду. Гэта з’яўляецца найпершай, найгалоўнейшай задачай БХД.
1.1.4. З пачуцця нацыянальнай саматоеснасці вынікаюць і любоў да роднай краіны, і павага да іншых народаў, і разуменне сваёй адказнасці перад тымі, хто быў, і за тых, хто будзе пасля.
З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года.
#100гадоўБХД