Сяргей Верамеенка: гарадзенская БХД далучаецца да кампаніі супраць дэкрэту № 3
Гарадзенцы далучаюцца да ўсебеларускай кампаніі за скасаванне дэкрэту №3 пра “дармаедаў”. Пра гэта заявіў кіраўнік аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Гародні Сяргей Верамеенка.
Паводле яго, дэкрэт фактычна ўзаконіў рабства ў Рэспубліцы Беларусь.
“Наша задача – зладзіць унутраны ціск на тых, хто спадзяецца, што парады-салюты-турніры-рэзідэнцыі будуць існаваць і множыцца надалей. Менавіта так, па іх меркаванні, і павінна “Квітнець Беларусь””, – адзначыў каардынатар.
На яго думку, таксама трэба прыкласці ўсе намаганні для знешняга ціску з дапамогай міжнародных інстытуцый, бо дэкрэт парушыў не толькі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, але і міжнародныя законы, напрыклад, Канвенцыю Міжнароднай арганізацыі працы.