“Ды не верым мы, што яны нарэшце дабудуюць гэтую паліклініку!”
Выступаючы з нагоды адкрыцця амбулаторыі для дарослых у м-не Білева Віцебска, начальнік упраўлення аховы здароўя Юры Дзеркач выказаў спадзяванне, што ў 2017 годзе паліклініка ў м-не абласнога цэнтра Поўдзень-7А будзе дабудаваная. На грошы кітайскіх інвестараў. Пэўна, далі. Бо спроба №3 гэта здзейсніць мае пачатак.
Час ад часу “правяраю” аб’екты, за якія віцебская ініцыятыва БХД “За якасную медыцыну” ўжо амаль 3-і год вядзе нябачны бой. Дзе што і сапраўды зробяць, а дзе толькі абяцаюць.
На заснежанай будоўлі паліклінікі падрастаюць сцены, па тэрыторыі перасоўваецца экскаватар, бачны звонку чалавек 6 будаўнікоў, але асаблівай актыўнасці не бачна.
Сталага веку пара мінакоў спыніліся каля плоту, зазіраюць у шырока адчыненыя вароты. Пытаюся: “Ну што, ці верыце, што ў хуткім часе паліклініку дабудуюць?” – “Ды не верым мы, што яны, нарэшце, дабудуюць гэтую паліклініку! Першы раз яны тут поўзаюць? А тады бегаюць дэпутаты – ідзі, галасуй за іх! А я так сказала: не будзе тут паліклінікі, ногі ж свае пакуль у ёй не вылечу, не пайду!”
Другі мінак, пачуўшы размову, крэхкае: “Ага, зараз грошы зноўку раскрадуць, і ўсё на гэтым скончыцца. Не раз было!”
Падобныя размовы ў розных варыянтах шмат разоў чулі сябры ініцыятывы, збіраючы па вясне 2016 году подпісы менавіта за гэтую паліклініку. Не вераць жыхары горада віцебскай уладзе. Страціла яна давер у сваіх гаспадароў – народа.
Што робіць гаспадар, калі перастае давяраць свайму служку?.. Правільна! Самая мяккая кара – проста гоніць са двара паганай мятлой.
Чуеце, слугі народа, у вас ёсць шанец вярнуць хоць крыху даверу жыхарам хаця б аднаго мікрараёна Віцебска-дык ужо ж не падвядзіце самі сябе! Дабудуйце паліклініку хаця б з трэццяй спробы!
Таццяна Севярынец