Удзельнікі акцыі ў Бабруйску выставілі ўльтыматум уладам (відэа)
У Бабруйску 26 лютага на мітынгу супраць дэкрэту № 3, які адбыўся на цэнтральнай плошчы горада, прыняло ўдзел больш за 1000 чалавек. Распачаў мітынг і быў яго вядоўцам сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
Віталь Рымашэўскі зачытаў рэзалюцыю, якая была ўхваленая ўдзельнікамі мітынгу. У прыватнасці, бабруйчане паставілі ўльтыматум уладам краіны: адмяніць дэкрэт №3 да 12 сакавіка, а Бабруйскаму гарвыканкаму – адмяніць усім жыхарам гораду выплаты па гэтым дэкрэце. Да гэтай даты было вырашана збіраць подпісы і запрашаць сяброў і знаёмых на мітынг 12 сакавіка на Плошчы Перамогі ў Бабруйску каля танку.
Таксама ў рэзалюцыі патрабуецца забяспечыць усіх грамадзян годнымі заробкамі. “Мы выступаем супраць гандлю незалежнасцю нашай краіны. Выступаем супраць размяшчэння вайсковых баз у Беларусі, а таксама супольных з Расеяй вайсковых вучэнняў. Мы супраць распродажу беларускіх прадпрыемстваў расейскім алігархам. 12 сакавіка мы патрабуем ад кіраўніцтва выканкаму выйсці да людзей на плошчу Перамогі і даць справаздачу па сваёй дзейнасці і адказаць на патрабаванні ўдзельнікаў мітынгу”, – гаворыцца ў рэзалюцыі.
“Я ганаруся сваім родным горадам. Я тут нарадзіўся, тут вырас. Бабруйск звычайна лічыўся пасіўным горадам. Гараджане мала ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Сёння ж выйшлі сотні сапраўдных Грамадзян нашай краіны, якія раней не ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Я размаўляў са многімі з іх. Некаторыя з іх самі трапілі пад дзеянне дэкрэту, некаторыя выйшлі на знак салідарнасці. Людзі абураліся не толькі дэкрэтам №3. Гучалі і лозунгі “Далоў Лукашэнку!”, “Лукашэнка, сыходзь!”. Людзі абураліся адсутнасцю працы. Я вельмі рады, што Беларусь адраджаецца, Беларусь прачынаецца. Калі будуць такія грамадзяне ў нашай краіне, то і будзе жыць Беларусь”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.