Таццяна Севярынец. Віцебск, ты супер!
На плошчу Перамогі мы з сяброўкай трапілі каля 12-00. Не было чаканых металічных варот-шукальнікаў, агароджы. Каля сцэны ў цэнтры плошчы купка людзей, нешта нехта спяваў са сцэны – масленіцу гарадскія ўлады абвясцілі на плошчы, думалі такім чынам зладзіць перашкоду намерам тых, хто вырашыў гучнагалосна заявіць аб сваёй чалавечай годнасці.
На другім баку каля помнікаў – купка людзей, углядаюся ў твары – незнаёмыя. Чаго стаяць? Шпацыруем да штыкоў. Там некалькі чалавек. Таксама незнаёмыя. Павярнулі – і плошчу не пазналі: імкліва прыбывалі людзі з усіх бакоў, ужо нехта нешта пачаў прамаўляць, натоўп пашыраўся. У цэнтры – прыгожая жанчына з гарачымі яснымі вачыма. Людзі слухаюць, апладзіруюць. Кажа яна проста і зразумела, але вельмі пераканана. Шмат камер і мікрафонаў. Час ад часу Святлана, як яе назвалі справядліва, віцебская Жана Д’арк, глядзіць наўпрост у якую камеру і звяртаецца: “Лукашэнка, сыходзь! Ужо такога нарабіў, што жыць немагчыма!”
Праціскаюся бліжэй, бяру слова, дэманструю людзям, як важныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі, якія гарантуюць правы і свабоды, сталі пустымі паперкамі (Я іх перапісала ў нататнік, кожны, на асобны аркушык, зачытвала. Людзі пагаджаліся, што ніводны з іх уладай не выконваецца, а указ №3 увогуле пярэчыць артыкулу 41-му). Аркушыкі ўзляталі птушкамі, планіравалі ў натоўп.
“Дайце сказаць, дайце сказаць!” – ахвотных было шмат. Людзі выказвалі сваё расчараванне ўладай, жыццём. Жанчына побач слаба гукнула: “У Расею!” Ад майго позірку стушавалася, заспяшалася схавацца.
Каб пабачыць, колькі ж людзей сабралася, выбраліся з натоўпу, размаўляючы па дарозе са знаёмымі. Людцы мае! Вось гэта Віцебск!!! Па ўсёй шырокай плошчы, на прыступках, на пастаментах – ЛЮДЗІ! Ужо залуналі бел-чырвона-белыя сцягі, чуюцца заклікі і лозунгі, якія падхоплівае натоўп. У розных месцах збіраюцца подпісы супраць Указу, мы іх зараней падрыхтавалі, а зборшчыкамі былі простыя людзі. Супер! Гэта таксама тое, чаго я даўно чакала ад жыхароў, заклікаючы прачнуцца ды выйсці з кухань.
Пакуль перамаўляліся са знаёмымі, арганізавалася калона, якая рушыла маршам па галоўнай вуліцы горада. Паглядзець на рух ЛЮДЗЕЙ выбягалі з крамак службоўцы, на балконах па ўсёй хадзе жыхары з фоцікамі, машыны сігналяць. Наперадзе – моладзь са сцягамі, скандуюць “Жыве Беларусь!”. Людская рака перасякае перакрыжаванні, рэгуліроўшчыкі спыняюць машыны, даючы магчымасць плыні рухацца.
На прыступках філармоніі ўжо пачаўся новы мітынг. А людзей ўсё прыбывае. … За апошня 20 гадоў Віцебск падобнага не бачыў.
Галава лёгкая ад эйфарыі. Людзі, я вас люблю!!!
На жаль, не знайшлося ў Віцебску мегафону. Тое, што кажуць прамоўцы, ужо за трэцім шэрагам не чуваць. Але людзі пагаджаюцца, што сплачваць падатак дармаедам ад улады не трэба, а саму ўладу трэба мяняць…
Наступны раз збяруцца на Дзень Волі, у тым жа месцы, у той жа час: пл. Перамогі, 12-00.
Шаноўныя жыхары Віцебска, вы супер!
А зараз звяртаюся да тых, хто мог бы забяспечыць мітынгі мегафонам, нават дзвюма, на ўсякі выпадак. Тэлефон для сувязі:+375295977049
Дзякую ўсім, хто падтрымаў мяне, пакуль я сядзела ў Кастрычніцкім РАУСе: простым людзям, журналістам розных СМІ, праваабаронцу Паўлу Левінаву.
Магчыма, да кагосьці ці за кімсьці таксама прыедуць і павязуць складаць пратакол па арт. 23.34 . Паведамляйце, падтрымаем! +375295977049
Таццяна Севярынец