Дык хто “будзіць ліха”?
Кажуць, што гэты артыкул Вацлава Кудзелка “Не будите лихо” (“СБ” №35(25170) 21.02.2017) па загадзе зверху перадрукавалі ўсе праўладныя газеты. Ну сапраўды, ай-я-яй, што вы робіце, людзі, чаго вы прэцеся на плошчы, ходзіце пад б-ч-б сцягамі, крычыце “Нет декрету № 3 – Лукашенко, уходи!”.
Вы разумееце, дапытваецца аўтар, што льеце ваду на млын ворагаў дзяржавы звонку, якія толькі і чакаюць, каб імгненна перахапіць вашыя пратэсты і распачаць тут ЛНР з ДНРам? О як!
Калі што, дык вінаватымі будуць арганізатары пратэстаў! – Э-э, баценька Вацлаў Кудзелка, сабака зарыты ў іншым, пра аўтара славутага Дэкрэту №3, Марыяну Шчоткіну, нават на плоце ўжо пішуць. Вось хто разбудзіў тое ліха!
І спадабаўся той дэкрэт сапраўдным дармаедам, уключаючы самага галоўнага, які, праўда, выглядаючы з-за вугла на рэакцыю піпла, паспяшыў загадаў не секчы з пляча, падыйсці індывідуальна.
Ды дзе ж! Мясцовыя падаткавікі ўжо наперадзе планеты ўсёй запасліся паперай, капэртамі, павынюхвалі адрэсы і давай страчыць позвы ва ўсе бакі, аж больш за 400 тысячаў настрачылі. А што гэтыя позвы “заплаці падатак і спі спакойна” трапілі да памерлых, матулям у дэкрэце і г.д., што сам дэкрэт супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі Беларусі, то гэта пырскі, вытрымкі вытворчасці. А за страчаныя на паперу і капэрты з маркамі грошы маглі б спакойна пражыць сотні беларускіх сем’яў за год.
Вацлаў Кудзелка спяшаецца патлумачыць, які ж гэта патрэбны падатак, як ён абараняе сацыяльную справядлівасць… М-да… Вось так можна перавярнуць усё з ног на галаву.
Піпл схАвае? -НЕ!
Кудзелка не піша, чаму беларусы з’язджаюць за мяжу ў пошуках працы, кідаючы свае сем’і, чаму вымушаны брацца за любую работу і атрымліваць грошы па-за ведамасцяў, чаму, даведзеныя да адчаю, сканчваюць жыццё самагубствам альбо плююць на ўсё і становяцца сапраўднымі дармаедамі. Гэта невыгодна. Схаваў галаву ў пясок і смярдзіць ад страху.
Таццяна Севярынец