Прэзідэнт у “дэкрэце”
Кожная цяжарная жанчына капрызная, неўраўнаважаная, хуткая на слёзы і гістэрыку. У яе арганізме ідуць таямнічыя, ствараючыя новае жыццё працэсы. Гэта ўсе разумеюць і стараюцца неяк мамку не расстройваць, патураць ёй ва ўсім. І гэта прырода, і з гэтым усе лічацца.
А што ж здарылася з нашым Прэзідэнтам?
Абцяжараны высокай пасадай гарант Канстытуцыі з велічэзным досведам кіравання дзяржавай (пайдзі пашукай дзе яшчэ ў цывілізаваным свеце, каб чалавек дзесяцігоддзі не здаваў свой пост), вёў сябе на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны 09.03.2017 г. як тая цяжарная жанчына, што пакутвае штодня ад таксікозу:
А-та-та налева і направа генералам, міністрам, намеснікам (заўважу, а-та-та – заслужанае. Выканаўцы рознага кшталту указівак у нас адзін перад адным: -Ой, Мар’я Іванаўна спіс склала з 1000 дармаедаў, а ў мяне менш! – і давай скрэбсці па сусеках.- О, 1002. Усяго наскрэблі амаль паўмільёны. – Уф! А хто туды патрапіў, разбіраюцца да сёй пары і яшчэ будуць разбірацца да 01.04.2017).
Але ж, дазвольце, як быць з арт. 41 Канстытуцыі, які гарантуе ПРАВА на працу? Тут гарант сам сябе пераплюнуў, назваў свой дэкрэт ідэалагічным і маральным, а ўсе сабраныя грошы з тых, хто паспяшаўся аплаціць па 200 даляраў, загадаў накіраваць дзецям, і не дай Бог, калі куды капейка сплыве. Пра дзетак думка маральная, ніхто не спрачаецца, нават і няёмка. Значыць, на дзетак, акрамя як спагнаныя незаконна грошы, другіх няма. Задумаешся тут…
“Каб да 1-га траўня ніводнага беспрацоўнага!” – крычыць прэзідэнт. (Што й та будзе? Пазачыняюць службы занятасці насельніцтва? Маўляў, навошта яны? У нас няма беспрацоўных! У нас так і будзе, паверце! І ніякай іншай статыстыкі! На няма і суду няма!).
Абразы ў адрас лідараў апазіцыі, імёны якіх грэбліва нават не называў, хаця прысутныя добра разумелі, пра каго канкрэтна галосіць Прэзідэнт.
“Пятая калона”.. “майданутыя”, “адмарозкі” – так Прэзідэнт называе апазіцыю. Частку беларускага народа, што нарадзіліся на гэтай зямлі, якія маюць годнасць і памяць, якія прапануюць падрыхтаваныя пакеты рэформ, каб выйсці краіне з эканамічнага калапсу, куды краіна бадзёра абрыналася пры сучасным кіраўніцтве больш за 2 дзесяцігоддзі. Не трэба-не трэба, мы і самі з вусамі – машуць на прапановы розныя шчоткіны. Дзе, у якой краіне прэзідэнт, народны абраннік, можа так абражаць сваіх грамадзян???
І пры гэтым пагражаць: не дай Бог, калі нехта на сустрэчы з людзьмі, а для сустрэч загадана вылучыць якое месца, напрыклад, закінуты стадыён ці парк па-за межамі горада, ды на сустрэчу павінен абавязкова прыйсці запрошаны ЛЮДЗЬМІ які чын, нехта з натоўпу неасцярожным словам таго чына пакрыўдзіць, мала не будзе! А ўсіх нязгодных з генеральным планам развіцця краіны выціскаць як разынкі з батона!
Няёмка і сорамна мне было глядзець на майго равесніка, фармальна чалавека адукаванага, сталага ўзросту. А вось мудрасці, узважанасці я не ўбачыла. Мужчына ў стане дэкрэта… Гэта супярэчыць прыродзе.
Таццяна Севярынец