У Віцебску прайшла вечарына памяці заснавальніка БХД – ксяндза і паэта Андрэя Зязюлі (фота)
“Андрэй Зязюля паклікаў мяне да беларушчыны”, – прызнаўся малады чалавек Павел на вечарыне, прысвечанай лёсу і творчасці паэта, ксяндза Алеся Астрамовіча (псеўданім – Андрэй Зязюля; 1878-1921), які стаяў ля вытокаў адраджэння самасвядомасці беларусаў, ля вытокаў БХД.
Вечарына прайшла 11 сакавіка ў кавярні касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Камерная, утульная, духоўная атмасфера створаная была пісьменнікам Францам Сіўко, які вечарыну падрыхтаваў і вёў.
Выступоўцы вельмі эмацыйна і натхнёна чыталі вершы і паэта, і свае: Наталля Плешчанка, Анэля Зайцава, Аляксандра Лятас ды іншыя. Спявалі пад гітару маладзенькага музыкі Арцёма Калугіна. Напрыканцы вечарыны ўзяў слова пробашч касцёлу ксёндз Андрэй, які падкрэсліў, што мова, культура, вера –гэта адно цэлае. І калі ў краіне няма памяці, то ў той краіне няма будучыні.
Як сучасна гучыць сёння зварот Андрэя Зязюлі да тых, хто прыніжаў беларускі народ сто год таму, хто здзекваецца ўз яго і цяпер, праз 100 гадоў…
За што?
Ці не за тое, дзеці ночы,
Вы страшны гоман паднялі,
Што праўда ўсім вам коле ў вочы,
Што праўду вы запрадалі?..
Не выклікайце ж воўка зь лесу,
Ня шырце фальшу між людзей,
Бо прыйдзе час сарваць завесу
І ўбачыць сьвет ваш подлы дзей.
Абсядзьце ж, лепей не чапайце
Спакойнай працы грамадзкой,
І ямы рыць не пачынайце,
Бо самі будзеце у ёй!