Да 12-й гадавіны смерці Алеся Траяноўскага
18 сакавіка споўнілася 12 гадоў з дня смерці Алеся Траяноўскага – беларускага пісьменніка, перакладчыка, крытыка, публіцыста, сябра БХДЗ, у 1991-1999 гадах галоўнага рэдактара адноўленай газеты хрысціянскіх дэмакратаў “Беларуская крыніца”.
Аляксандр (Алесь) Пятровіч Траяноўскі нарадзіўся ў сям’і лесніка 22 верасня 1925 года ўва ўрочышчы Уздымач Слуцкага раёну Мінскай вобласці.
У час акупацыі Беларусі немцы спалілі хутар, разам з жыхарамі была спалена недалёкая ад яго вёска Руднаўка, у якой жылі 44 чалавекі. Сярод іншых загінулі і родныя дзядзька і цётка Алеся Траяноўскага, якія замянілі яму бацькоў, што рана памерлі.
З верасня 1942 па ліпень 1944 быў партызанам брыгады імя Чапаева. З ліпеня 1944 ваяваў на 3-м Беларускім і 3-м Украінскім франтах, быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацы ў 1946 годзе працаваў на розных пасадах у Мінску.
З 1955 года працуе журналістам. У 1959 годзе скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут. У 1955 – 1962 – літсупрацоўнік шматтыражнай газеты «Западная трасса» (Беларускае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі).
Алесь Траяноўскі аддаў 20 гадоў працы ў газеце «Звязда» (1962 – 1982), дзе працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты.
У 1983 – 1986 – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва Беларусі». Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (з 1990).
Першыя творы і пераклады Алеся Траяноўскага апублікаваныя ў 1955 годзе. Перакладаў з верхнялужыцкай, ніжнялужыцкай, кашубскай, польскай і ўкраінскай моў. Адзін з укладальнікаў і перакладчыкаў, аўтар прадмовы і каментарыяў да анталогіі паэзіі лужыцкіх сербаў «Там, дзе Шпрэвя шуміць» (1969). У яго перакладах выйшла анталогія кашубскай паэзіі «За даляглядам край сталемаў» і кніга ўкраінскай паэзіі «Імем няўмольнай свабоды». аповесць Ю. Срэзана «Чорны млын» (1984). Пераклаў шэраг твораў І. Франка, П. Тычыны, Я. Барта-Цішынскага, Ю. Брэзана, К. Лоранца, А. Лаймінг і інш. Ён – аўтар энцыклапедычных артыкулаў «Сербалужыцкая літаратура і Янка Купала», «Сербалужыцкая літаратура».
Алесь Траяноўскі быў сапраўдным беларускім інтэлігентам, меў шляхетную знешнасць і глыбокую беларускую сведамасць. Сябраваў са знакамітай беларускай паэткай і дысідэнтам Ларысай Геніюш, якая жыла ў Зельве і знаходзілася пад пільным наглядам КДБ. У 60-я гады ХХ ст. вёў з ёй ліставанне і дапамагаў у вырашэнні розных пытанняў.
У бурлівыя 1990-я гады далучыўся да руху адраджэння Беларусі, уступіў у партыю Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць (БХДЗ).
З 1991 і да 1999 г. Алесь Траяноўскі – галоўны рэдактар газеты “Беларуская крыніца”, друкаванага органу партыі БХДЗ. “Беларуская крыніца” была адноўленым выданнем газеты беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Фактычна, адноўленая “Беларуская крыніца” выдавалася дзякуючы намаганням двух чалавек: яе заснавальніка і сустаршыні партыі БХДЗ Пятра Сілкі і нязменнага рэдактара Алеся Траяноўскага.
Аляксандр Пятровіч Траяноўскі пайшоў з жыцця 18 сакавіка 2005 года. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
Анатоль Астапенка