Каталіцкі Касцёл і права на пратэст
Працягваючы даследаваць, ці могуць хрысціяне займацца палітыкай, што мы ўжо разгледзелі на прыкладзе Асноваў сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, на гэты раз мы звернемся да Кампендыя сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Дакумент гэты значна больш распрацаваны і аб’ёмны за мінулы і ахоплівае некаторыя пытанні, якія ў Асновах сацыяльнай канцэпцыі РПЦ закранаюцца.
Паводле каталіцкага сацыяльнага вучэння, для свецкіх вернікаў палітычная дзейнасць з’яўляецца годным і адказным выкананнем хрысціянскага абавязку служыць бліжнім. “Імкненне да агульнага дабра ў духу служэння, развіццё справядлівасці, асаблівая ўвага да сітуацый беднасці і цярпення, павага да аўтаноміі часовых рэчаў, прынцып субсідыярнасці, падтрымка дыялогу і спакою на аснове салідарнасці — вось крытэрыі, якія павінны натхняць свецкіх хрысціянаў у іх палітычнай дзейнасці”, – гаворыцца ў Кампендыі.
Пры гэтым там адзначаецца, што недахоп увагі да маральнага вымярэння прыводзіць да дэгуманізацыі грамадскага жыцця, сацыяльных і палітычных інстытутаў і да ўмацавання «структур граху». «Жыццё і палітычная дзейнасць згодна з уласным сумленнем не азначае рабскага падпарадкавання прынцыпам, якія не маюць нічога агульнага з палітыкай або з якой-небудзь формай канфесіяналізму. Галоўнае тут — канкрэтны ўклад хрысціянаў у агульную справу, каб дзякуючы палітыцы быў устаноўлены грамадскі лад, больш справядлівы і адпаведны годнасці чалавека», – падкрэсліваецца ў дакуменце.
Згодна з ім, хрысціяне павінны цаніць сістэму дэмакратыі «ў той ступені, у якой яна гарантуе ўдзел грамадзян у палітычных рашэннях, забяспечвае ім магчымасць выбіраць і кантраляваць сваіх кіраўнікоў, замяняць іх мірным шляхам, калі гэта неабходна». Пры гэтым неабходна адкідваць тыя арганізацыі, што імкнуцца паўплываць або падарваць функцыянаванне законных інстытутаў улады. “Ажыццяўленне ўлады павінна мець характар служэння, якое заўсёды павінна прытрымлівацца маральнага закону для дасягнення агульнага дабра”, – цвердзіць каталіцкае сацыяльнае вучэнне.
У ім падкрэсліваецца, што свецкі вернік пакліканы з дапамогай сістэматычнага роздуму над рэальнасцю ў святле нязменнай евангельскай навіны і сацыяльнага вучэння Касцёла зрабіць у канкрэтных палітычных сітуацыях рэальныя магчымыя крокі, каб ажыццявіць маральныя прынцыпы і каштоўнасці, характэрныя для грамадскага жыцця. Пры ацэнцы ў сацыяльнай сферы хрысціянам неабходна заставацца вернымі каштоўнасцям: “прыродным, паважаючы законную аўтаномію часовых рэчаў; маральным, пашыраючы ўсведамленне абавязковага этычнага вымярэння кожнай сацыяльнай і палітычнай праблемы; звышпрыродным, ажыццяўляючы сваю задачу ў духу Евангелля Езуса Хрыста”.
Хрысціяне не павінны галасаваць за палітычную праграму або законы, якія падрываюць асноўныя прынцыпы веры і маральнасці альтэрнатыўнымі або ўвогуле супярэчлівымі з імі прапановамі, а калі гэта немагчыма, можна падтрымаць прапановы, скіраваныя на змяншэнне шкоды такіх праграм і законаў і на змяншэнне іх адмоўнага ўздзеяння на культуру і грамадскую маральнасць, як, напрыклад, у сітуацыі з абортамі.
“Трэба мець на ўвазе, што ў шматлікіх сітуацыях, уключаючы асноўныя і незаменныя маральныя патрабаванні, хрысціянскае сведчанне павінна лічыцца асноўным абавязкам, які можа прывесці аж да ахвяравання жыцця, да пакутніцтва ў імя любові і чалавечай годнасці”, – гаворыцца ў Кампендыі.
“Шчыры пошук праўды, падтрымка і абарона дазволенымі сродкамі маральных ісцін, якія адносяцца да грамадскага жыцця і якімі з’яўляюцца справядлівасць, свабода, павага да жыцця і іншых правоў чалавека — гэта ўсё з’яўляецца правам і абавязкам усіх членаў грамадскай і палітычнай супольнасці”, – сцвярджае дакумент.
Больш за тое, паводле каталіцкага сацыяльнага вучэння, грамадзянін не абавязаны ў сумленні захоўваць прадпісанні дзяржаўнай улады, калі яны супярэчаць патрабаванням маральнага парадку, асноўным правам асоб або евангельскаму вучэнню. “Несправядлівыя законы ставяць перад сумленным чалавекам драматычныя праблемы сумлення: калі яго заклікаюць прыняць удзел у маральна дрэнных справах, ён абавязаны адмовіцца. Гэтая адмова з’яўляецца не толькі маральным абавязкам, але і асноўным правам чалавека. І паколькі гэтае права з’яўляецца правам чалавека, то яно павінна прызнавацца і абараняцца грамадзянскім правам: «Хто спасылаецца на пратэст сумлення, павінен быць абаронены не толькі ад карных санкцый, але і ад любога тыпу адмоўных наступстваў — прававых, дысцыплінарных, эканамічных ці прафесійных»”,- гаворыцца ў Кампендыі.
Паводле яго, ніякім чынам нельга апраўдаць удзел, нават фармальна, у тых практыках, якія ўстаноўлены грамадзянскім заканадаўствам, але пярэчаць Божаму закону. “Сапраўды, такі ўдзел ніякім чынам нельга апраўдаць: ні спасылаючыся на павагу да свабоды іншых людзей, ні абапіраючыся на тое, што грамадзянскі закон прадугледжвае такія дзеянні і іх патрабуе. Ніхто не можа ўхіліцца ад маральнай адказнасці за свае ўчынкі, і на падставе гэтай адказнасці кожны будзе асуджаны самім Богам (пар. Рым 2, 6; 14, 12)”, – адзначае дакумент.
Каталіцкі Касцёл таксама прызнае права грамадзян на супраціўленне ўладзе, калі яна сур’ёзна і сістэматычна парушае прынцыпы натуральнага закону. Само ж супраціўленне, паводле сацыяльнага вучэння, грунтуецца на натуральным законе. “Супраціўленне ўладзе скіравана на тое, каб абараніць законнасць іншых поглядаў таксама тады, калі імкнёмся ажыццявіць частковыя змены, напрыклад, мадыфікаваць некаторыя законы, калі ідзе змаганне за радыкальную змену сітуацыі”, – абвяшчае Кампендый.
Больш за тое, Каталіцкі Касцёл лічыць магчымым права грамадзян на ўзброенае супраціўленне прыгнёту з боку палітычнай улады. Праўда, для гэтага існуе шэраг умоў: яўнае, сур’ёзнае і працяглае парушэнне асноўных правоў; вычарпанасць усіх іншых магчымасцяў; калі такое супраціўленне не выкліча яшчэ большых непарадкаў; калі ёсць абгрунтаваная надзея на поспех; калі нельга прадбачыць лепшых рацыянальных вырашэнняў.
“Узброеная барацьба лічыцца апошнім сродкам, каб пакласці канец «яўнай і працяглай тыраніі, якая парушае асноўныя правы асобы і прыносіць сур’ёзную шкоду агульнаму дабру пэўнай краіны». Зварот да насілля ў сённяшнія часы выклікае сур’ёзную пагрозу. Таму варта адзначыць, што шлях пасіўнага супраціўлення «больш адпавядае маральным прынцыпам і абяцае не меншы поспех»”, – вучыць Касцёл.
Таксама сацыяльнае вучэнне лічыць апраўданай забастоўку, «калі яна з’яўляецца непазбежным і нават неабходным сродкам для дасягнення станоўчага выніку», а ўсе іншыя спосабы вырашэння канфліктаў аказваюцца неэфектыўнымі. Забастоўку працаўнікі могуць выкарыстоўваць дзеля атрымання праз націск на працадаўцаў, дзяржаву і грамадскую думку лепшых умоў працы і паляпшэння свайго сацыяльнага становішча. Пры гэтым забастоўка павінна быць заўсёды мірным метадам прадстаўлення патрабаванняў і барацьбы за свае правы. Калі ж яна ставіць перад сабой мэты, непасрэдна не звязаныя з умовамі працы або супярэчныя агульнаму дабру, ці суправаджаецца насіллем, то забастоўка робіцца маральна непрымальнай.
Максім Гацак, Krynica.info