Плюс адзін
30 сакавіка выбраліся наведаць у 1-ю гарадскую клінічную бальніцу Віцебска праваабаронцу Паўла Левінава, які трапіў у кардыялагічнае аддзяленне пасля затрымання на плошчы 26-га. Бальніца ў народзе да сёй пары называецца будтрэстаўскай. Трапіць сюды лічылася шчасцем: добрыя палаты, высокапрафесійныя дактары, смачная ежа. З 90-х мінулага стагоддзя шмат што тут змянілася, і не ў лепшы бок.
Зразумела, я не магла хадзіць па аддзяленнях, зазіраць у палаты, размаўляць з пацыентамі. Але ўражанняў з палаты №305 аддзялення кардыялогіі хапіла, каб зноўку нядобрым словам узгадаць нашых чынуш ад медыцыны.
Медперсанал цудоўны – гэта ў адзін голас сказалі і Павел, і яго чатыры суседы.
У палаце №305 вокны новыя. А вось сцены, падлога, прыбіральня ў калідоры ў неахайным выглядзе: шпалеры, пэўна, з тых далёкіх шчаслівых для бальніцы гадоў – брыдка жоўтыя, шмаццём звісаючыя са сцен, лінолеум на падлозе ў дзірках і плямах, закураная ці то перагарэлая лямпа над дзвярыма, у прыбіральні зачыніцца немагчыма, бачок без крышкі, як заўсёды ў медустановах Віцебска – глядзіце самі на здымках.
Як жа тут не ўзгадаць клопат пра сябе, любімых, што з асаблівай асалодай дэманструюць чыноўнікі гар-і аблвыканкамаў: то ім добрыя дзверы не падабаюцца ў кабінетах – трэба мяняць, то ім куханьку падавай пярлінавага колеру, то сайт абнавіць, то машыну новую адрамантаваць ці ўвогуле набыць. І ўсё за кошт гарадскога бюджэту, за грошы падаткаплацельшчыкаў. І пасля гэтага яны яшчэ будуць забараняць нам калупацца пальцам ў носе!?
Указ №535, прыняты яшчэ ў лахматым годзе росквіту кіравання Лукашэнкі, тлумачыць: забеспячэнне высокіх слуг народа кватэрамі, мэбляй (па жаданні часовага ўладальніка – на выбар), імпартнымі машынамі – усё гэта для спрыяння лепшай працы на карысць. Каму? Ім жа. Бо ўсё, што назіраем, сведчыць: ніяк не спраўляюцца слугі народа са сваімі задачамі. Вунь колькі народу на вуліцы і плошчы павыходзіла: усе крычаць, незадаволеныя, раззлаваныя.
Дык умовы працы дактароў клінічнай бальніцы №1 не ідуць ні ў якае параўнанне з умовамі працы заўладутрымаючыхся рукамінагамізубамі! А працуюць! Якасна, з душой! І людзей на ногі падымаюць.
І гэта таксама выводзіць людзей на вуліцы. Плюс адзін, каб вам, непаважаныя чынушы, было больш ясна.
Таццяна Севярынец