Хайсы: боль, жах, смутак…

25 красавіка 2017 11:57  |  Блог Таццяны Севярынец

Хайсы: боль, жах, смутак…

 

24 красавіка сябры
віцебскай ініцыятывы “Хайсы” выправіліся на месца расстрэлу сталінскімі
нкусаўцамі мірных жыхароў памаліцца за іх бессмяротныя душы.

 

З 2014 году, калі ў лесе
пад Хайсамі, былі знойдзены парэшткі людзей, і пачалася дзейнасць ініцыятывы на
чале з сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым. Шмат намаганняў зрабілі сябры, каб
гэтае месца ўшанаваць і зрабіць месцам памяці, смутку, пакаяння, але дзяржаўныя
мужы аніяк не пагаджаюцца з тым, што менавіта тут, пад вёсачкай Хайсы
Мазалаўскага сельсавету, у 30-я гады мінулага стагоддзя былі закатаваныя сотні,
а то і тысячы бязвінных. Першыя, каля дзвухсот, знойдзеныя 52-м пашуковым
батальёнам, былі пахаваныя ў брацкай магіле на станцыі “Лужасна” як
расстраляныя падчас вайны.

Але не дажылі да яе
пакутнікі – і гэта ініцыятыва які раз намагаецца даказаць. Створаны дзясяткі
відэазапісаў успамінаў мясцовых жыхароў, што сведчаць: менавіта ў гэтым лесе
нкусаўцы расстрэльвалі людзей, па начах чуліся крыкі і стрэлы, зямля ў лесе варушылася, невыносны пах смерці даносіла да вёскі, а ў
лес не пускалі, ды й людзі да сёння яго пазбягаюць. Знойдзеныя чарапы з
дзіркамі ад куль, кулі, якія з гэтых чарапоў павывальваліся, шмат рэшткаў адзення
і абутку. Пэўна, расстрэльвалі людзей ці ранняй вясной, ці ўвосень, бо сярод
абутку шмат гумовых галош, якія ў той час насілі.

Як толькі сышоў снег, у
лесе з’явіліся “чорныя капальнікі”, якія добра ведалі: тут ёсць чым пажывіцца.
Гэтым пачварам у чалавечым абліччы не патрэбны першацветы, ім патрэбна тое, чым
нашпігавана зямля. Яны бессаромна рыюць ямы, з тупой абыякавасцю раскідваюць косткі ў пошуках залатых зубоў і
чагосьці каштоўнага, што няшчасныя, не верачы
ў свой страшны лёс, бралі з сабой – знаходзіліся сярод костак нават кубачкі,
талеркі, шкло ад акуляраў, алоўкі – мы гэта ўбачылі на ўласныя вочы, калі
прыйшлі 24-га красавіка на іншае месца, якое стала вядомым літаральна месяц
таму, – за метраў пяцьсот ад таго, дзе былі знойдзены першыя парэшткі, дзе ўжо
створаны сваеасаблівы мемарыял памяці, пастаўлена шмат крыжоў.

На новых раскопах ужо
пабываў 52-і пашуковы батальён, косткі пазбіраў і некуды вывез, але адчуванне
такое, што кожны крок у гэтым лесе – па магілах. Як толькі батальён з’ехаў, капальнікі прадоўжылі
сваю чорную справу.

У роспачы стаялі мы сярод
костак, чарапоў, рэшткаў абутку… Малітва айца Зміцера ўзносілася да неба-сведкі
ўсіх часоў, усіх злачынстваў.

Колькі жыццяў згінула
тут, у гэтай непрыветнай багністай зямлі, колькі смеху і спеваў не пачута!…

І яшчэ думалася: пакуль
не прызнае ўлада, што і гэтае месца павінна стаць мемарыялам памяці як знак
пакаяння за злачынствы супраць чалавека, не відаць беларусам дабра. Пакуль
пачвары, прагныя да страшнай спажывы,
беспакарана рыюцца ў чалавечых парэштках, не быць нам шчаслівымі…

 

Таццяна Севярынец

 
Хайсы: боль, жах, смутак…
Хайсы: боль, жах, смутак…
Хайсы: боль, жах, смутак…
Хайсы: боль, жах, смутак…
Хайсы: боль, жах, смутак…
Хайсы: боль, жах, смутак…
Хайсы: боль, жах, смутак…
Хайсы: боль, жах, смутак…
Хайсы: боль, жах, смутак…

Болей навін