Валер Валажонак. Багна, або як улады забівалі Мёрскі раён

02.05.2017, 09:25  |  Навіны » Эканоміка

Валер Валажонак. Багна, або як улады забівалі Мёрскі раён

 

Эканоміка нашай з вамі Беларусі, мякка кажучы, не вызначаецца. Аднак і ў такой "дабітай" краіне ёсць свае "дэпрэсіўныя рэгіёны". Напрыклад, захад Віцебшчыны. Гэта Браслаўскі, Мёрскі, Шаркоўшчынскі раёны. Па сярэдняй зарплаце Мёрскі і Шаркоўшчынскі раёны займаюць адпаведна перадапошняе і апошняе месцы.

У Мёрскім раёне амаль не засталося самастойных прадпрыемстваў. А толькі адны "філіялы". Так, мясакамбінат ўжо філіял Полацкага КХП. Хутка ім стане і камбікормавы завод. А льнозавод ужо і браць ніхто не хоча. Бо там працуе адна змена ў суткі. І тая дае толькі 100 кг доўгага валакна і 1-2 тоны кароткага. Кароткае валакно не знаходзіць збыту. Ці ёсць нават сэнс у існаванні падобнага "прадпрыемства"? Камбікормавы завод таксама працуе ў адну змену і цалкам на давальніцкай сыравіне, якая ўжо таксама сканчаецца. Мясакамбінат таксама стратны. ПМС і ПМК развальваюцца на вачах.

Пра сельскую гаспадарку і казаць няма чаго, хоць гэта і аснова гаспадаркі раёна. З 17 гаспадарак раёна толькі адна нястратная. Надоі на карову за год скараціліся ў сярэднім на літр. Ураджайнасць збожжавых з гектара за той жа перыяд зменшылася на тону. У гаспадарак вялізныя даўгі. Так аграпрадпрыемства "Чарэсы" мае доўг 7 млн ​​рублёў. Сельгаспрадпрыемства "Юбілейны" развальваецца явачным парадкам. Там засталося 25 работнікаў. У СВК "Наўгароды" заробак далі ў красавіку за студзень. Сама зарплата 50-70 рублёў. Грашыма далі 5-10 рублёў, астатняе прадуктамі з крамы (крупы, макароны, хлеб). Як выжыць, як працаваць?

На тэрыторыі раёна знаходзіцца самы маленькі горад Беларусі - Дзісна. У ім ужо амаль няма вытворчасці. Часам яшчэ дзейнічае філіял швейнай фабрыкі "Віцяблянка" (калі ёсць замовы з Расіі). У горадзе нядаўна зачынілі гарадскую лазню. Цяжка ўявіць, горад і без сваёй лазні?

Бальніцу ў Мёрах будуюць ужо амаль трыццаць гадоў. Гатоўнасць яшчэ толькі 70 адсоткаў. А у 2018 годзе "ўсенародна абраны" плануе перарэзаць чырвоную стужачку пры яе адкрыцці. На гэтым залатым кландайку для чыноўнікаў, якія на гэтым даўгабудзе грунтоўна вырашылі свае матэрыяльныя пытанні. Як сцвярджаюць віцебскія ўлады, лячыць у Мёрах ўжо няма каго.

Мёрскае райпо таксама дыхае на ладан. Яно не вытрымлівае канкурэнцыі з Мёрыгандлем. Недастатковы асартымент тавараў. У райпоўскіх крамах няма нават гарэлкі. А «Еўраопт» у Мёрах, напэўна, самы мініятурны ў свеце.

А Мёрскі праўладны клан смяротна баіцца незалежных СМІ, ладзіць цэлыя паляванні з аблавамі. А тым часам з карты раёна знікае 10-15 вёсак у год. Адна з трох Мёрскіх сярэдніх школ у наступным годзе становіцца пачатковай. У раёне школы знікаюць адна за адной. Будуемы ў ваколіцах Мёраў завод па вытворчасці бляхі трэці год не падымаецца вышэй за катлаван.

Валер Валажонак

Навіны па тэме