Суд заняў бок Мінгарвыканкама ў спрэчцы аб заяўцы на Дзень Волі
Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў актывісту БХД і аднаму
з былых заяўнікаў акцыі пратэсту на Дзень Волі Дзянісу Садоўскаму ў яго скарзе
на дзеянні мінскіх уладаў напярэдадні 25 сакавіка. Садоўскі патрабаваў прызнаць
парушэннем закона тое, што Мінгарвыканкам не даў ва ўстаноўлены законам
пяцідзённы тэрмін да акцыі адказ аб тым, ці дазволеная яна. У судзе актывіст
нават на пальцах адлічваў пяць дзён ад 25 сакавіка. Але гэта не пераканала
суддзю Алену Рудніцкую, пішаTut.by.
Пазіцыю гарадскіх уладаў у судзе прадстаўляў начальнік
аддзела грамадска-масавай работы Мінгарвыканкама Юрый Уральскі. Паводле яго
слоў, заяўка аб правядзенні Дня Волі не адпавядала закону, таму што па маршруце
акцыі былі падземныя пераходы і станцыі метро, а паблізу іх закон забараняе
праводзіць масавыя акцыі.
— Заяўнікі выдатна ведалі, што па такім маршруце іх заяўка
дазволеная быць не можа.
Уральскі абвінаваціў арганізатараў у тым, што яны анансавалі
акцыю да яе дазволу і дапускалі «правакацыйныя заявы» аб тым, што яны правядуць
акцыю незалежна ад таго, ці будзе яна дазволеная. Тым не менш, па словах
чыноўніка, Мінгарвыканкам пайшоў ім насустрач.
— Было ўлічана, што для пэўнай катэгорыі нашых суграмадзян
25 сакавіка з’яўляецца важнай датай, святам.
Па яго словах, улады ўлічылі, што на працягу дзесяцігоддзяў
«склалася пэўная традыцыя правядзення ў гэты дзень масавых мерапрыемстваў у
пэўных месцах, якія сталі традыцыйнымі, і па вызначаным маршруце».
— Дата адказу на сутнасць прынятага рашэння не паўплывала, —
заявіў Уральскі. Ён таксама звярнуў увагу, што Садоўскі разам з яшчэ трыма
заяўнікамі адклікаў свае подпісы 23 сакавіка.
Адказваючы на пытанні адваката Садоўскага, Уральскі, зрэшты,
прызнаў, што да 23 сакавіка актывіст БХД яшчэ быў заяўнікам акцыі. Адвакат
спытала:
— Можаце сказаць, калі ў апошні тэрмін павінен быў быць
дадзены адказ, калі прасілі 25 сакавіка? Напэўна, гэта было 20-е чысло?
— Гэта ваша сцвярджэнне.
— А вы як лічыце?
— Я не магу лічыць, ёсць закон.
Адвакат зноў працытавала артыкул закона аб пяцідзённым
тэрміне адказу і спытала, калі павінен быў быць дадзены адказ Мінгарвыканкама.
— Гэта трэба падлічваць.
— Ну падлічыце.
Суддзя папрасіла адваката «карэктна сфармуляваць пытанне».
Адвакат зноў спытала пра крайні тэрмін, калі мінскія ўлады павінны былі даць
адказ.
— Гэта трэба падлічваць. На дадзены момант не магу сказаць,
— зноў адказаў Уральскі.
Сам Садоўскі таксама не змог дамагчыся ад чыноўніка адказу
на гэтае пытанне.
— Я так разумею, лічыць да 25 наш прадстаўнік
Мінгарвыканкама ўмее, дык давайце, можа, палічым.
Затым актывіст на пальцах адлічыў ад 25 сакавіка пяць дзён
назад. Атрымалася 20 сакавіка. Зняўшы два пытанні Садоўскага пра тое, ці
правільна ён палічыў, суддзя сама запыталася ў прадстаўніка Мінгарвыканкама, ці
павінен быць дадзены адказ да 20 сакавіка.
— Магчыма, — адказаў Уральскі.
— Чаму тады мне не быў дадзены адказ? — спытаў Садоўскі.
— Вы адмовіліся ад правядзення масавага мерапрыемства.
— 20 сакавіка я быў заяўнікам. Я прасіў у вас адказ, вы мне
яго не далі. Чаму?
Пытанне паўтарыла і суддзя.
— Не гатовы даць адказ, — сказаў Уральскі.
Судовае пасяджэнне працягвалася яшчэ каля паўгадзіны.
Спрэчкі дайшлі да высвятлення, чаму Мінгарвыканкам часам дае праводзіць акцыі
каля станцый метро, а часам не дае, як заяўнікі маглі абскардзіць адказ, калі
яны яго нават і не атрымалі, і аб тым, хто нясе адказнасць за падзеі 25
сакавіка.
У перапынку Уральскі адмовіўся адказваць на пытанне, чаму
мінскія ўлады не далі адказ да 20 сакавіка: «Я вам ніякіх інтэрв’ю даваць не
збіраюся».
Пасля перапынку суддзя вярнулася і зачытала адмову ў
задавальненні скаргі. Алена Рудніцкая патлумачыла:
— Суд зыходзіў з таго, што адказ ад 24 сакавіка быў прыняты
Мінгарвыканкамам у межах сваёй кампетэнцыі ў адпаведнасці з дзейным
заканадаўствам. Довады заяўніка ў частцы таго, што яму несвоечасова быў
накіраваны адказ, не могуць служыць падставай для задавальнення заяўленых
патрабаванняў.
Пасля завяршэння працэсу Садоўскі сказаў, што будзе
абскарджваць гэтае рашэнне.
***
Нагадаем, заяўнікі акцыі на Дзень Волі ў Мінску прасілі
дазволіць шэсце ад Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці 25 сакавіка. Закон
патрабуе ад мясцовых уладаў даць адказ або накіраваць яго па пошце заяўнікам за
пяць дзён да запланаванай акцыі. Аднак 20 сакавіка заяўнікі так і не атрымалі
адказу. Мінгарвыканкам некалькі разоў прызначаў і адмяняў сустрэчу з імі. 23
сакавіка чацвёра з пяці заяўнікаў адклікалі свае подпісы, зняўшы з сябе
адказнасць за правядзенне акцыі. Адказ з прапановай сабрацца на плошчы Бангалор
Мінгарвыканкам даў увечары 24 сакавіка апошняму заяўніку Аляксандру Макову, які
ў знак нязгоды з гэтым таксама адклікаў свой подпіс. Несанкцыянаваная акцыя ўсё
ж адбылася — былі затрыманыя больш за 700 чалавек, каля 150 чалавек атрымалі
штрафы і «суткі».