Віцебскія сябры БХД патрабуюць годнай паркоўкі ля абласнога кардыялагічнага Цэнтра (фота)
Па просьбе наведвальнікаў і хворых
абласнога кардыялагічнага Цэнтра, што на праспекце Люднікава ў Віцебску, сябры
аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, ініцыятары кампаніі “Віцебск – горад
наш” распачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам да гарадскога чынавенства
з просьбай зрабіць тут прыстойную паркоўку.
Кожны дзень да Цэнтра прыязджаюць
і паркуюцца, дзе толькі дазволіць фантазія, кіроўцы аўтамабіляў. У кожнага з іх
свая праблема: хто хварэе і прыязджае сюды на дзённы стацыянар, хто прывозіць
хворых родных, хто іх наведвае. Уздоўж праспекта, вакол агароджы Цэнтра, на
зяленым лужку, які ўжо пераўтвараецца пад бясконцымі дажджамі ў аграмністую
лужыну, – аўтамабілі розных марак, колеру, размеру. Штодня ад 50 да 70.
Між тым існуюць нормы парковак
каля бальніц, паліклінік. Яны ўжо даўно састарэлі, бо прадугледжваюць 4-6
месцаў на 100 коек. А каля Цэнтра на два аддзяленні на 120 месцаў, дзённы
стацыянар і паліклініку няма ўвогуле ніводнага. “Ці можна назваць паркоўкай
дарожку, што агінае Цэнтр?” – задаецца пытаннем каардынатар БХД у Віцебску
Таццяна Севярынец.
Дарэчы, яшчэ ў 2005 годзе ўздымалася
гэтая праблема. Пасля звароту гараджанаў і доўгай перапіскі аддзелу архітэктуры
Віцебскага гарвыканкаму за подпісам начальніка ўпраўлення У.У. Кірылава адказаў:
“Ваш зварот аб стаянцы аўтатранспарту ў раёне кардыялагічнай бальніцы
разгледжаны ўпраўленнем архітэктуры і горадабудаўніцтва аблвыканкама і
кіраўніцтвам абласнога тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання “Кардыялогія”
з выездам на месца. Выяўлена, што выкладзеныя факты маюць месца. … АТМА
«Кардыялогія» даручана … разгледзець сумесна з Віцебскім гарвыканкамам
пытанне арганізацыі паркоўкі аўтатранспарту паблізу пр. Люднікава”.
“Дзе ўжо
той Кірылаў, галоўны архітэктар Б.У. Лядэнка? Ужо “Кардыялогія” і назву
памяняла. З тых пор шмат вады ўцякло, а воз праблема як быў, так і застаўся,
толькі больш загружаны”, – адзначае Таццяна Севярынец.
“Не ўпершыню віцебляне сутыкаюцца
з падобным. Гадамі не будуюцца даўно планаваныя неабходныя гораду паліклінікі,
дзіцячыя садкі і школы, лазні. Некаторыя аб’екты пазначаюцца ў планах ды й
некуды знікнуць. Маўляў, няма грошай. Затое аблвыканкам не забывае залазіць ў
кішэні падаткаплацельшчыкаў. Ніякага дазволу ім не трэба, каб набыць нейкую
куханьку ці мэблевы гарнітур для няўцямных патрэб, абвесціць тэндар на пазапланавы
рамонт добрых кабінетаў, разгарнуць цэлую кампанію па вышуку “дармаедаў”,
асвятліць чарговую высотку, забываючыся пра цёмныя ў начны час двары
мікрараёнаў. Дык ці адпавядаюць рознага кшталту і вагі чыноўнікі якім умовам,
што суадносяцца з пасадамі слуг народа? Вось і прыходзіцца зноўку нагадваць пра
даўно абяцанае віцебскім функцыянерам”, – падкрэсліла каардынатар БХД.