Віншуем з днём народзінаў Міколу Арцюхова!
Віншуем з днём народзінаў
Мікалая Арцюхова – сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў 2004-2007
гадах.
Мікалай Арцюхоў нарадзіўся
22 траўня 1979 года ў Мінску ў сям’і рабочых Мікалая і Галіны Арцюховых. У
дзяцінстве сям’ёй часта бываў у вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна ў бацькоў па
маці Фаіны і Юзэфа Буко. Пабожны дзед Юзэф навучаў унукаў малітвам, рэлігіі.
З 1986 года па 1996 год
Мікалай вучыўся ў школе № 144 Мінска, дзе ўдзельнічаў у алімпіядах, прымаў
актыўны ўдзел у школьным жыцці. Скончыў школу з срэбным медалём.
У 15 год перажыў
пакаянне, прыняў Ісуса як свайго Збавіцеля, чытаючы адно з Евангелляў,
атрыманых ад маці. У 1995 пачаў актыўна хадзіць у касцёл св.Роха, што на
Залатой горцы ў Мінску, наведваць моладзевыя спатканні, евангельскія курсы ў
Воршы, спяваць у касцёльным хоры.
Працоўную дзейнасць пачаў
ў 1996 году з летніх падпрацовак. У войску не служыў праз дрэнны зрок. У 1996
паступіў у Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут на юрфак. У гэты ж час,
дзякуючы акцыі газеты “Наша Ніва” “Дзень без чужога слова” перайшоў на
беларускую мову зносін. У гэтыя гады актыўна прасоўваў у касцёле стварэнне “Згуртавання
маладых каталікоў” (ЗМК), якое заангажоўвала б каталіцкую моладзь да актыўнай
грамадскай пазіцыі, стварыў сайт zmk, які пазней дарос да форума (зараз
zmk-by.net), спрабаваў рабіць хрысціянскія дыскатэкі.
У 1999 стаў памочнікам
дэпутата Палаты прадстаўнікоў. У 2001 разам з хорам “Залатая горка” Мікалаем
быў запісаны калядны альбом “Святая ноч”. У 2002 разам з арганісткай
касцёла св.Роха Вольгай Паўлоўскай была запісаная анталогія “Беларускія
калыханкі”, аздобленая нотным спеўнікам, які выйшаў з падтрымкай створанага
у гэтым жа годзе Міколам і яго сябрамі моладзевага грамадскага аб’яднання
“Хаўрус сяброў”. Удзельнічаў у нямецкім хрысціянскім экуменічным
праекце “Фрыдэнсгрунт” ў Занарачы, дзе пасябраваў з грэка-католікамі з Львова з
хора “Солі Дэо”; пачаў дапамагаць у касцёле з Пілігрымкамі даверу Тэзэ на
Еўрапейскія спатканні моладзі.
У 2003-2004 гадах сумесна
з Аляксеем Шэіным і Паўлам Севярынцам Мікалай Арцюхоў вырашае стварыць
хрысціянска-дэмакратычную партыю. Менавіта Мікалай Арцюхоў арандаваў
канферэнц-залю ў менскім гатэлі “Планета”, дзе 18 снежня 2004 года на сустрэчы заснавальнікаў
было прынята рашэнне аднавіць БХД.
У мэтах папулярызацыі
хрысціянска-дэмакратычных ідэй Мікалай Арцюхоў ў 2003 годзе балатаваўся ў
Мінгарсавет як беларускі хрысціянскі дэмакрат, за што быў пазбаўлены дэпутатам
статусу памочніка, а пасля адмовы ад размовы з спецслужбоўцам зазнаў
непрыемнасці з іх боку.
У межах МГА “Хаўрус
сяброў” у гэтыя гады праводзіў дзіцячы конкурс малюнку (2003), семінары па
гісторыі хрысціянскай дэмакратыі (2004) з распаўсюдам брашур, выдавалі газету
(2003-2004).
Да 2010 актыўна
удзельнічаў у БХД, у 2004 вылучаўся як хадэк у Палату прадстаўнікоў па
Нясвіжскай акрузе. Працаваў юрыстам, рэгістратарам нерухомасці. З 2009 па 2015
год – сябра Нацыянальнай Рады БХД.
З 2011 года адышоў ад
актыўнага удзелу ў палітычным жыцці краіны, працаваў юрыстам, разам з братам
займаецца будовай у вёсцы Макашы. З 2014 працуе вартаўніком ў вёсцы.
Паводле аўтабіяграфіі