ХДЗ у Петраградзе: 1917-1918. ІІ з’езд БХДЗ

23 мая 2017 09:08  |  Палітыка

ХДЗ у Петраградзе: 1917-1918. ІІ з’езд БХДЗ

 

Пасля
гістарычнага з’езду 24-25 траўня 1917 года вызначыліся два галоўныя
агмяні БХДЗ – Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць у Петраградзе і
Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць Беларусаў у Менску.

Галоўнымі
працаўнікамі заснаванай ХДЗ у Петраградзе былі айцец Фабіян Абрантовіч і ксёндз
Люцыян Хвецька. На іх кватэрах штонядзелі адбываліся сустрэчы й нарады. У
касцёле святога Станіслава хрысціянскія дэмакраты збіраліся слухаць беларускія
казані, спевы, ладзілі прадстаўленні. Да Злучнасці найперш гарнуліся беларусы-ўцекачы
ды супрацоўнікі сталічных грамадскіх установаў-каталікі. Па-ранейшаму вялікую
ролю адыгрываў тут Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

Ужо ў другой
палове 1917 года спісавы склад ХДЗ у Петраградзе дасягнуў 300 чалавек,
сотні ўдзельнічалі ў мерапрыемствах. Ксёндз Станкевіч апісвае сцяг ХДЗ: на
адным баку “Пагоня” на васільковым тле, на іншым – абраз Маці Божай
Вастрабрамскай на белым.

Сталіца імперыі
перажывала страшныя часы рэвалюцыйнай разрухі, гвалту, голаду, тэрору – але і
напрыканцы 1917-га, і ўвесь 1918 год гняздо хрысціянскай дэмакратыі
прыцягвала, выхоўвала, адагравала адарваных ад Радзімы беларусаў і рыхтавала
актыў для працы на сваёй зруйнаванай зямлі.

23 студзеня 1918
года бальшавікі абвясцілі пра аддзяленне Царквы ад дзяржавы – што азначала пераслед
як святароў і вернікаў, так і ўсякай хрысціянскай дзейнасці.

Тым не менш,
14-16 лютага 1918 года менавіта ў Петраградзе прайшоў ІІ з’езд беларускіх
хрысціянскіх дэмакратаў. Сярод іншага, ён прыняў рашэнне аб імкненні да
незалежнасці Беларусі:

“У адносінах да
малых народаў як Літва, Латвія, Беларусь, Украіна трэба стаяць на грунце
поўнага іх самаазначэньня”.

Нагадаем, да
прыняцця ІІІ статутнай граматы БНР заставалася яшчэ больш месяца.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:
1917 – 2017”

Працяг будзе

Болей навін