Нарвежскі дэпутат: хрысціянскія каштоўнасці – вакцына ад папулізму
Дэпутат нарвежскага парламенту ад Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Геір Таскедаль (Geir Toskedal) 27 траўня, выступаючы перад актывістамі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Сацыяльна-хрысціянскага руху, назваў хрысціянскія каштоўнасці галоўнай вакцынай ад папулізму, які набірае моц у Еўропе і свеце, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.
Пры гэтым палітык назваў папулістам і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. “Папулізм з’яўляецца адной з прычын, чаму Лукашэнка дагэтуль знаходзіцца ва ўладзе. Ён стварыў дыстанцыю паміж сабой і людзьмі, прадстаўляючы сябе як харызматычнага і мужнага лідара. Ён разумеў настроі насельніцтва і будаваў сваю камунікацыю адпаведным чынам, падкрэсліваючы свае поспехі і хаваючы няўдачы. Таксама ён стварыў сабе вобраз абаронцы простых людзей. А ў апазіцыі і СМІ ўзніклі праблемы з магчымасцю крытыкаваць яго. І ён працягвае карыстацца гэтым”, — адзначыў выступоўца.
Паводле яго, рэгулярнае выкарыстанне ў Беларусі рэферэндумаў па палітычных пытаннях спрыяе папулісцкай легітымізацыі Аляксандра Лукашэнкі. “У Нарвегіі, калі мы маем складаныя пытанні, папулісты ўвесь час заклікаюць да рэферэндуму. Але ж мы ведаем, што трэба цяжкія пытанні вырашаць без плебісцыту. А ў Беларусі Лукашэнка, якога дзяржаўныя СМІ прадстаўляюць у вобразе “мача”, працягвае замінаць развіццю палітычных інстытутаў”, — заявіў дэпутат.
У якасці важных прыкмет папулізму ён назваў выкарыстанне дапушчэнняў і пошук агульных ворагаў для грамадства. “Калі вы пачынаеце крытыкаваць іх, вы робіцеся іх ворагамі. Але ў дэмакратычных краінах мы можам спакойна выказваць свае меркаванні і абмяркоўваць іх. У нарвежскім парламенце прадстаўленыя розныя партыі з рознымі праграмамі, мы выказваемся ў парламенце, нібы мы ворагі, але ж у кулуарах мы з’яўляемся сябрамі. Але ж папулісты папросту называюць тых, хто іх крытыкуе, ворагамі. Але ж, насамрэч, мы проста маем розныя падыходы”, — падкрэсліў Геір Таскедаль.
“Папулізм працуе таму, што людзі вераць, што палітычныя эліты дзейнічаюць з лепшых намераў. Але з прычыны бягучага эканамічнага крызісу людзі ўсё больш скептычна ставяцца да лідарства Лукашэнкі. І ўпершыню за 20 гадоў здаецца, што большасць беларусаў выступае супраць яго”, — дадаў ён.
“Калі мяне называюць ворагам, я не мушу ў адказ называць ворагам. Я мушу выкарыстоўваць праўду і палітычныя выказванні, якія мусяць быць вельмі канкрэтнымі. Калі ж выкарыстоўваць размытыя заявы, то людзі могуць падумаць, што вы далёкія ад рэальнасці. Таксама ў людзей можа скласціся ўражанне, што іх прымушаюць да чагосьці. А людзі хочуць быць свабоднымі, хочуць мець права выбару. Таму за нашымі выказваннямі павінны стаяць пэўныя каштоўнасці. Мы засноўваем нашыя каштоўнасці на Бібліі. І калі мы кажам пра дабрабыт грамадзян, у нашых выказваннях павінны быць бачныя хрысціянскія каштоўнасці. І такім чынам мы можам быць папулярнымі нават не будучы папулістамі. У папулістаў заўсёды кароткі погляд на будучыню, а хрысціянскія прынцыпы і каштоўнасці доўгатэрміновыя. І калі мы як палітычная партыя не будзем дастаткова часу надзяляць ідэалогіі, мы будзем выкінутыя з позвы дня СМІ, якая змяняецца ўвесь час. Мы невялікая партыя ў нарвежскім парламенце – толькі 5,6%, але іншыя партыя звяртаюцца да нас, кажучы: “Мы адчуваем, што ў вас з прычыны вашых каштоўнасцяў 10-20%”, — заявіў дэпутат.
“Нашыя каштоўнасці такія ж самыя будуць заўтра, якімі яны былі ўчора. Але ў папулістаў яны змяняюцца ўвесь час. Таму мы павінны выкарыстоўваць праўду і абмяркоўваць вострыя пытанні, а не глядзець на апанентаў, як на ворагаў. Калі мы будзем называць іх ворагамі, яны будуць расці палітычна. І калі ў нас не будзе вельмі канкрэтных прынцыпаў, то наша ідэалогія будзе ўвесь час мяняцца. І мы вельмі шчаслівыя, што маем хрысціянскую ідэалогію. Нам не трэба слухаць СМІ, мы слухаем Біблію і глядзім на факты. І на гэтым будуем нашу ідэалогію. Калі вядзецца ідэалагічная праца, людзі маюць большы давер да партыі, чым можа даць любое піяр-агенцтва. І людзі хочуць галасаваць за партыю, якая нешта адстойвае, а не за цудоўна праведзеную рынкавую кампанію. І калі мы маем сваю ідэалогію, то адрозненні паміж партыямі будуць больш відавочныя”, — заявіў ён.
“Хрысціянская дэмакратыя – гэта не Царква. Гэта хрысціянскія каштоўнасці. Гэта не пратэсны рух, хоць мы і маем права на пратэст. Гэта і не суполка па інтарэсах, як Чырвоны крыж. Мы, хрысціяне, павінны прыўнесці хрысціянскія каштоўнасці ў як мага больш шырокія тэмы грамадства. І мы гатовыя браць на сябе адказнасць: за эканоміку, за сацыяльны дабрабыт, за нацыянальную абарону і іншае. Палітычная партыя павінна ахопліваць усе сферы. І мы павінны прыўносіць хрысціянскія каштоўнасці ва ўсе гэтыя сферы. Некаторыя кажуць, што нельга мяшаць палітыку з рэлігіяй. Умешваць палітыку ў рэлігію – гэта жудасна, але прынесці хрысціянства ва ўсе сферы грамадства – гэта добра. І мне падаецца, што гэта найлепшая вакцына ад папулізму”, — падкрэсліў палітык.