Патрыярх беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху ХХ стагоддзя

06 чэрвеня 2017 13:57  |  Грамадства

 

Сёння, 6 чэрвеня,
– дзень смерці патрыярха беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху Браніслава
Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы.

Народжаны на
Полаччыне, ён знітаваў сабою тысячу гадоў беларускага хрысціянства і дэмакратыі:
вера, прынятая Полацкім княствам яшчэ ў Х стагоддзі, адгукалася ў ім з рэхам
полацкага веча. Сучаснікі сведчылі: прафесар Эпімах-Шыпіла наколькі веруючы,
настолькі й адкрыты, свабодалюбны – і менавіта гэта рабіла яго душой усёй
беларускай супольнасці Пецярбургу, тагачаснай сталіцы Расейскай імперыі.

Эпімах-Шыпіла –
закладальнік падмуркаў БХД: менавіта ён дапамог большасці будучых
заснавальнікаў хрысціянскай дэмакратыі ўсвядоміць сябе беларусамі і згуртаваў
іх як каманду новай хвалі нацыянальнага Адраджэння.

“Вынік такой
працы прафэсара Шыпілы быў той, што многія сяньняшнія выдатныя беларусы, яшчэ
жывыя і ўжо памершыя, як Я.Купала, Тарашкевіч, Жылуновіч, Душэўскі, Грыб, Заяц,
Варонка, ксяндзы Лісоўскі, Грынкевіч, Будзька, Абрантовіч, Гадлеўскі, Хвецька,
Станкевіч, Цікота, Шутовіч, Лупіновіч, Хоміч і іншыя – гэта ў большай або ў
меншай меры усе ягоныя духовыя дзеці” – пісаў пра Эпімах-Шыпілу Адам Станкевіч.

Адраджэнцы
пачатку ХХ стагоддзя лічылі жыццё і працу Эпімах-Шыпілы цэлай эпохай
беларускага руху: “Спярша – Багушэвіч, потым – Шыпіла, потым – “Наша Ніва”. Яго
называлі адным з апосталаў беларускага народу.

Нарадзіўся
Браніслаў Эпімах-Шыпіла 4 верасня 1859 года ў фальварку Судзіловічы тагачаснага
Лепельскага павету (зараз вёска Будзькаўшчына Полацкага раёну) у сям’і
збяднелай беларускай шляхты. Неўзабаве сям’я пераехала ў вёску Залессе пад
Полацкам.

У 1871—1880
вучыўся ў Аляксандраўскай гімназіі ў Рызе. У 1880—1886 на
гісторыка-філалагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта; кандыдат
філалагічных навук (1887). Зарабляў прыватнымі ўрокамі, працаваў памочнікам
рэдактара “Журнала Министерства путей сообщения”. З 1891 памочнік бібліятэкара,
потым бібліятэкар у бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта, выкладаў
старагрэчаскую і лацінскую мовы ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах
Пецярбурга. Ганаровы чалец Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, ад імя якой у
1896 удзельнічаў у археалагічным з’ездзе ў Рызе. У складзе расійскай дэлегацыі
ў 1908 удзельнічаў у І міжнародным з’ездзе бібліятэчных работнікаў (Брусель).

На пачатку XX ст.
стаў на чале беларускага нацыянальнага руху ў Пецярбургу. Яго дом быў асяродкам
і месцам збору нацыянальна арыентаванай беларускай моладзі, і найперш навучэнцаў
Духоўнай каталіцкай акадэміі.

Як сведчыць Адам
Станкевіч, многія будучыя лідары БХД падоўгу гасцявалі ў прафесара,
заседжваліся ў ягонай бібліятэцы, бяднейшым Эпімах-Шыпіла стала дапамагаў
матэрыяльна. Прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнай арганізацыі «Круг
беларускі» (1902-1904). У 1906 стаў заснавальнікам беларускага выдавецтва
«Загляне сонца і ў наша аконца» і студэнцкага «Беларускага
навукова-літаратурнага гуртка».

Яшчэ з Рыгі
Эпімах-Шыпіла збіраў беларускія кнігі, каб затым скласці “Беларускую
хрэстаматыю” – збор унікальных выданняў і рукапісаў ХІХ стагоддзя. Менавіта
Браніслаў Ігнатавіч стаў рэдактарам першай кнігі вершаў Янкі Купалы “Жалейка” і
дапамог яе выдаць. У 1913 сам пачаў друкавацца ў беларускіх выданнях.

Пасля пачатку І
сусветнай вайны ў Петраградзе было створанае дабрачыннае Беларускае таварыства
па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, адным з арганізатараў якое быў
Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

У 1916
удзельнічаў у падрыхтоўцы «Меморыі прадстаўнікоў Беларусі на IIІ канферэнцыі
народаў» (Лазана), дзе абгрунтаваў права беларускага народа на самастойнае
нацыянальнае развіццё. У 1917 чытаў лекцыі па беларускай мове ў Петраградзе,
выязджаў на Полаччыну.

У 1918, нароўні з
айцом Фабіянам Абрантовічам і ксяндзом Люцыянам Хвецькам, прымаў чынны ўдзел у
арганізацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці ў Петраградзе.
Ягоную кватэру будучы кіраўнік першага беларускага ураду Зміцер Жылуновіч
(Цішка Гартны) называў “беларускім штабам”.

У 1918 выбраны
старшынёй навуковага «Таварыства вывучэння культурна-прамысловага стану
Беларусі», заснаванага ў Петраградзе, садзейнічаў рабоце Белнацкама. У 1923
прыязджаў у Мінск на сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі. У 1924 абраны
правадзейным членам Інбелкульта. Пераехаў у Мінск у 1925. Працаваў рэдактарам,
з 1927 старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай
мовы.

Быў арыштаваны
ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; на яго кватэры
праведзены ператрус. Знаходзіўся ў зняволенні да 12 верасня 1930.

Пасля арышту й
допытаў у справе “Саюза Вызвалення Беларусі” 70-гадовага прафесара выслалі з
Менску, і ён шукаў прытулку ў Ленінградзе. Знаўцу больш як 20 моваў, які
падараваў Акадэміі Навук сваю каштоўную бібліятэку ў 5000 тамоў, бальшавікі
проста выкінулі на вуліцу. Апошнія гады чалавека-эпохі прайшлі “на становішчы
ссыльнага”: без грошай, без сталага жытла, без магчымасці вярнуцца на Радзіму.

Памёр патрыярх
хрысціянска-дэмакратычнага руху на чужыне 6 чэрвеня 1934 года.

У Залессі
Полацкага раёна на месцы сядзібы Эпімах-Шыпілы ўсталяваны памятны валун з
шыльдай, а ў Ветрынскай сярэдняй школе працуе музей Браніслава Ігнатавіча.

Павел Севярынец

Болей навін