Віталь Рымашэўскі: Адзіны эфектыўны сродак барацьбы з карупцыяй – гэта кантроль дзеянняў выканаўчай улады

26 чэрвеня 2017 14:49  |  Палітыка

Віталь Рымашэўскі: Адзіны эфектыўны сродак барацьбы з карупцыяй – гэта кантроль дзеянняў выканаўчай улады

 

Сустраршыня Беларускай хрысціянскай
дэмакратыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі адказаў на пытанні
прэс-службы кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару-2018”.

Віталь, якія ў вас
чаканні ад кампаніі ў мясцовыя Саветы 2018 года?

Кампанія
ў мясцовыя Саветы – гэта адзін з апошніх шанцаў пераходу да мірных рэформаў. Я
лічу, што выбары ў мясцовыя Саветы павінны праходзіць у дэмакратычнай
атмасферы. Толькі ў гэтым выпадку яны будуць прызнаныя міжнароднай супольнасцю
і дэпутаты будуць выконваць сваю функцыю.

Нават
у тым выглядзе і з тымі паўнамоцтвамі, якія існуюць у мясцовых Саветаў і іх
дэпутатаў можна кантраляваць органы мясцовай улады, якія, на вялікі жаль, у нас
моцна карумпаваныя і бязлітасныя да грамадзян. Пацвярджэннем карупцыі ў
мясцовых выканкамах з’яўляюцца перыядычныя арышты і пасадкі чыноўнікаў. Адзіны
эфектыўны сродак барацьбы з карупцыяй – гэта кантроль дзеянняў выканаўчай
улады, чаго на дадзены момант няма.

Дэкрэд
аб дармаедстве як апошняя кропля, што перапоўніла трыванне беларусаў. Нахабства, карумпаванасць улады і галеча, у
якой апынуліся шмат якія сем’і ў сілу цяжкай эканамічнай сітуацыі, падштурхнула
людзей да выхаду на плошчу. Гэта вынік таго, што ў краіне няма каму абараніць
людзей і прадстаўляць іх інтарэсы. Калі будуць адкрытыя і сумленныя выбары, то
– ў нас з’явіцца шанец на рэформы, на
лепшае жыццё.

Ці не зашмат у нас
дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў?

БХД
прапаноўвае тэрытарыяльную рэформу, мэтай якой стаіць скарачэнне мясцовых
Саветаў, а таксама адміністрацыйных адзінак, якія сёння не адпавядаюць патрэбам
эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Тым не менш, гэта нармалёва, калі ў кожным
населеным пункце павінна быць самакіраванне. Людзі мусяць кіраваць самі сваім
жыццём. Праблема не ў тым, што мясцовых
дэпутатаў шмат, а ў тым, што яны не абіраюцца народам, а прызначаюццы уладай.

Ці лічыце вы, што
кампанія пройдзе па традыцыйнаму сцэнару фальсіфікацыі выбараў?

Усё
залежыць ад нас з вамі, людзей, якія працуюць у кампаніі назірання і далучацца
да яе ў працэсе. Мы спадзяемся, што дзякуючы намаганням нашых назіральнікаў мы
прадухілім магчымыя парушэнні і фальсіфікацыі выбарчага працэсу.

Віталь, ці лічыце вы,
што трэба мяняць выбарчае заканадаўстве, каб выбары адбываліся свабодна і
справядліва?

Натуральна,
што так. Па-першае, усе кандыдаты, якія вылучаюцца ў дэпутаты павінны мець
свайго прадстаўніка ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, ад участковай да
раённай. Толькі тады будзе забяспечаны празрысты падлік галасоў.

Па-другое,
неабходна абмежаваць датэрміновае галасаванне, бо з практыкі мы ведаем, што ўсе,
хто галасуюць датэрмінова галасуюць фактычна за праўладных кандыдатаў, бо мы,
мяркуем, што галасы выбаршчыкаў падмяняюцца.

Па-трэцяе,
усім кандыдатам павінны быць забяспечаны роўны доступ да СМІ і вернута
дзяржфінансаванне іх перадвыбарчых кампаній. Людзі з улады, а таксама набліжаныя
да ўлады бізнесоўцы маюць куды большыя магчымасці і ў гэтым выпадку мы смела
можам казаць пра няроўнасць кандыдатаў, бо амаль заўсёды ўлада выкарыстоўвае
адміністрацыйны рэсурс.

Па-чацвёртае,
павінен быць забяспечана празрысты падлік галасоў выбаршчыкаў – кожны бюлетэнь
павінен быць паказаны ўсім назіральнікам і членам камісіі. Людзі павінны бачылі,
насупраць якога прозвішча стаіць у бюлетэні галачка.

Ці будзе БХД
удзельнічаць у назіранні і што дае партыі назіранне за выбарамі?

Канечне,
мы пачалі гэты працэс і ўжо запрашаем назіральнікаў да працы.

Як будуць выкарыстаны
вынікі назірання за выбарамі і на што яны маюць уплыў?

Вынікі
назірання маюць уплыў на прызнанне выбараў міжнароднай супольнасцю, а таксама
прызнанне выбараў унутры Беларусі. Варта разумець, што дэмакратычнай апазіцыі давярае
вялікая колькасць грамадзян. Калі мы засведчым, што выбары несвабодныя і неадкрытыя,
то вялікая колькасць грамадзян будзе лічыць, што ўлада нелегетымная. Непрызнанне
выбараў міжнароднай супольнасцю уплывае на паўнавартасныя стасункі з Беларуссю,
а таксама магчымасці атрымання фінансавай дапамогі Беларусі.

Калі ўлада не
правядзець свабодныя выбары, але прызначыць некалькі дэпутатаў ад БХД, што вы
будзеце рабіць?

Пра
гэта казаць рана, але трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, каб мяняць сітуацыю
ў краіне. Трэба будзе вырашаць гэта разам з нашымі партнёрамі, у тым ліку з
кампаніяй назірання, правацэнтрысцкай кааліцыяй. Хачу адзначыць, што гэта ніяк
не паўплывае на ацэнку выбараў.

Што пажадаеце
грамадзянам?

Я
жадаю нашым грамадзянам браць адказнасць за лёс нашай краіны на сябе. Беларусы мусяць зразумець, што
дыктатура з’яўляецца тады, калі людзі адмаўляюцца бараніць праўду, свабоду і
справядлівасць на сваёй зямлі, адмаўляюцца ад будучыні для сваіх дзяцей і
ўскладаюць гэтую функцыю на аўтарытарнага кіраўніка. Дэмакратыя з’яўляецца тады,
калі людзі кантралююць уладу. Я заклікаю ўсіх браць удзел у кампаніі назірання і не быць абыякавымі.

Болей навін