Іх імёнамі можна называць вуліцы і плошчы: у Мінску прадставілі кнігу да 100-годдзя БХД

30 чэрвеня 2017 14:17  |  Грамадства

Іх імёнамі можна называць вуліцы і плошчы: у Мінску прадставілі кнігу да 100-годдзя БХД

 

У Мінску на сядзібе ТБМ адбылася прэзентацыя кніг Паўла Севярынца і яго паплечнікаў. Змест кніг выклікаў вялікую зацікаўленасць прыхільнікаў беларушчыны. На сустрэчу прыйшлі актывісты ТБМ, паэты, публіцысты, наведвальнікі семінараў гістарычнай школы ТБМ. Новыя гісторыка-літаратурныя даследванні Паўла Севярынца і яго паплечнікаў адкрываюць яшчэ адну малавядомую старонку гісторыі – адраджэння беларускага Касцёла пачатку ХХ стагоддзя, дзейнасць каталіцкіх і праваслаўных святароў па стварэнні БХД.Па кроках адбываецца вяртанне ў культурную традыцыю рыцараў рэлігійнага і нацыянальнага адраджэння Беларусі: Адама Станкевіча, Адама Лісоўскага, Язэпа Барадзюлі, Язэпа Германовіча, Адама Дасюкевіча і іншых. Даследаванні ўздымаюць цэлы пласт амаль забытай інфармацыі. Праца была распачатая Паўлам Севярынцам пры падрыхтоўцы кнігі “Люблю Беларусь” і Уладзімірам Конанам пры выхадзе ў свет збору твораў Адама Станкевіча ў 2008 годзе.

 

“Шматграннымі здольнасцямі вызначаліся ўсе дзеячы беларускага каталіцкага адраджэння. Ад іх пачыналася злучэнне Касцёла з нацыянальнай традыцыяй, — пісаў доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан. — Закладзены імі моцны духоўны падмурак у сапраўды хрысціянскім кірунку дазваляе з надзеяй глядзець у будучыню”.

“Гэта сапраўдныя героі, імёнамі якіх могуць быць названы вуліцы і плошчы ў гарадах Беларусі”, — адзначыў актывіст Фрунзенскай суполкі ТБМ Алесь Чэчат.

“Хрысціянскія дэмакраты выступалі за эвалюцыйнае развіццё дзяржавы: за паляпшэнне гаспадаркі, адукацыі, гігіены насельніцтва. Яны выдавалі кнігі, адчынялі школы, рабілі тэатральныя пастаноўкі. Эканамічнае і культурнае развіццё Заходняй Беларусі ў міжваенны час – гэта ў значнай ступені плён дзейнасці Касцёла і хрысціянскіх дэмакратаў”, — адзначыў Павел Севярынец.

“Трэба ездзіць у рэгіёны, сустракацца з нашчадкамі герояў і назапашваць матэрыял, якога хопіць яшчэ на некалькі кніг”,- падзяліўся сваімі ўражаннямі адзін з аўтараў кнігі “100 асобаў БХД”, навуковец і пісьменнік Анатоль Астапенка.

Прэзентацыі кніг да 100-годдзя стварэння БХД прайшлі ў Гродне, Магілёве і Бабруйску… Паўсюль яны выклікаюць цікавасць чытачоў, рэгіянальных актывістаў дэмакратычных арганізацый.

Э.Дзвінская, фота аўтара. Krynica.info

Болей навін