150 гадоў таму нарадзіўся хрысціянскі дэмакрат Антоній Сангайла
150 гадоў таму, 3 ліпеня 1867 года, нарадзіўся
хрысціянска-дэмакратычны дзеяч на тэрыторыі Беларусі, каталіцкі святар Антоній
Сангайла.
Антоній Сангайла нарадзіўся
3 ліпеня 1867 года ў літоўскай мяшчанскай сям’і. Скончыў Віленскую
рымска-каталіцкую семінарыю. Каталіцкі святар з 1890 года. З гэтага ж году
працаваў законанастаўнікам у Брэсцкай прагімназіі.
У 1906 годзе – дэкан
у Пружанскім павеце, ксёндз у Пружанах, законавучыцель гарадской і некалькіх
павятовых вучэльняў. “Аддаваў усе свае сілы прасвятленню народу”, карыстаўся
папулярнасцю ў сялянаў.
Быў сябрам
Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. У 1906 годзе абраны дэпутатам
Расійскай Першай Дзяржаўнай думы ад Гродзенскай губерні. На выбарах быў
падтрыманы габрэямі і праваслаўнымі, карыстаўся “вялікай сімпатыяй сярод
насельніцтва ўсіх нацыянальнасцяў”. У Думе ўваходзіў у склад групоўкі “Краёвае
кола Літвы і Русі”, якое яднала дэпутатаў-католікаў Заходніх ускраін Расійскай
імперыі. З’яўляўся прыхільнікам краёвай ідэі, пры гэтым іншымі дэпутатамі
лічыўся прыхільнікам літоўскага нацыянальна-дэмакратычнага руху.
Падпісаў
законапраект “Аб грамадзянскай роўнасці”. Удзельнічаў у спрэчках па аграрным
пытанні, па Беластоцкім пагроме 1906 года, урадавым паведамленні па аграрным
пытанні. У прыватнасці, настойваў на тым, што аграрнае пытанне павінна быць
вырашана “паводле мясцовых умоў”, унёс папраўку, што прымусовае
адчужэнне зямлі можа быць ажыццёўленае толькі “ў выпадку
неабходнасці”. Пагром у Беластоку называў урадавай правакацыяй,
заяўляў пра пераслед і дыскрымінацыю
каталікоў у Заходнім краі: “Ніхто з нас не можа заняць пасаду, не можа свабодна
маліцца, свабодна жыць на ўласнай зямлі. Паляк-каталік – гэта чалавек, які
паўсюль падвяргаецца пераследу, і, толькі дзякуючы таму, што лічыцца
хрысціянінам, можа пазбегнуць крывавай расправы”.
У 1910 годзе
займаў пасаду Сакольскага дэкана, быў пробашчам Сакольскага касцёлу (пакінуў
пасаду ў 1911 годзе). Затым – Беластоцкі дэкан і пробашча беластоцкага фарнага
касцёла. У 1915 годзе ва ўмовах адступлення расійскіх войскаў і наступлення нямецкіх
дэкан Антоні Сангайла узначаліў утвораны ў Беластоку Грамадзянскі камітэт, які
ад імя гараджанаў вёў перамовы з акупацыйнымі ўладамі. Браў актыўны ўдзел у
аднаўленні дзейнасці Хрысціянскага дабрачыннага таварыства Беластоку,
узначальваў яго ў студзені 1916 – кастрычніку 1918 гадоў, актыўна ахвяраваў
асабістыя сродкі на дабрачынную дзейнасць. У 1919 годзе абраны ганаровым
старшынём Дабрачыннага таварыства. У 1917 годзе стаў куратарам Таварыства
польскіх школ у Беластоку.
З 1934 года
капелан касцёла святой Кацярыны ў Вільні, ганаровы канонік Віленскай дыяцэзіі. У
1936 годзе прызначаны візітатарам навучання рэлігіі ў сярэдніх і пачатковых
школ. Быў жывы ў 1939 годзе. Далейшы лёс невядомы.
Максім Гацак