Да гадавіны нараджэння “шчырага беларуса” – ксяндза Францішка Рамэйкі

11 ліпеня 2017 04:00  |  Грамадства

Да гадавіны нараджэння “шчырага беларуса” – ксяндза Францішка Рамэйкі

 

Францішак Рамэйка – каталіцкі святар, удзельнік
беларускага нацыянальнага руху, прыхільнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

 

 

Нарадзіўся 11 ліпеня 1885 года ў сялянскай сям’і ў
вёсцы Нецькі Свірскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер –
Мядзельскі раён Мінскай вобласці). У 1905 – 1909 гадах вучыўся ў Віленскай
духоўнай семінарыі. Усвядоміў сябе беларусам дзякуючы знаёмству з Францішкам
Будзькам, адным з першых ксяндзоў-адраджэнцаў. У 1909 годзе Францішак Рамэйка быў
пасвечаны на святара. Пачынаў святарскае служэнне вікарыем у пабернардынскім
касцёле ў Вільні, пазней у Іўі.

 

У 1912 годзе кс. Францішак Рамэйка служыў
пробашчам у мястэчку Сялец Пружанскага павета (цяпер Бярозаўскі раён Брэсцкай
вобласці), дзе заканчваў будаўніцтва касцёла, пачатае яго папярэднікамі. Там ён
хутка здабывае прыхільнасць простых людзей, у размовах з якімі карыстаецца
беларускай мовай. Газеты “Наша Ніва” характарызуе яго як “шчырага беларуса”.

 

Напярэдадні і ў перыяд І сусветнай вайны, служачы
пробашчам у мястэчку Шарашова Пружанскага павета, адным з першых пачынае
ўжываць беларускую мову ў рэлігійным жыцці: у катэхізацыі дзяцей, казаннях і
спевах. У неафіцыйных размовах заклікае
моладзь трымацца беларускай мовы і нацыянальнай традыцыі, пашырае сярод моладзі
беларускую літаратуру. Падчас нямецкай акупацыі арганізоўвае ў Шарашове школу і
дзіцячы прытулак.

 

Пасля пераходу ўлады ў рукі польскай адміністрацыі
ў красавіку 1919 года кс. Францішак Рамэйка сутыкаецца з варожым стаўленнем з
боку польскіх актывістаў, паліцыі і мясцовай улады. Не зважаючы на ціск,
працягвае сваю дзейнасць у ранейшым рэчышчы. Падчас працы ў Шарашове ён выяўляе
каля 150 рукапісных дакументаў XVI – XVII стагоддзя, напісаных
старабеларускай мовай. Перыядычна дасылае грашовыя ахвяраванні на выданне
газеты “Krynica” і дзейнасць беларускага дзіцячага
прытулка ў Вільні.

 

У 1921 годзе кс. Францішак Рамэйка пераводзіцца на
пасаду пробашча ў Задарожжа Дзісненскага павета. Прамаўляе казанні на
беларускай мове ў сваім касцёле на вялікія святы, а таксама падчас фэстаў у
суседніх парафіях. Уводзіць у набажэнства спевы на беларускай мове, карыстаецца
роднай мовай у катэхізацыі дзяцей, ахвотна гутарыць з людзьмі на гаспадарчыя і грамадскія
тэмы, па-за касцёлам вучыць дзяцей і моладзь спяваць па-беларуску, сам граючы
на гітары. Падчас падрыхтоўкі выбараў у Сейм у лістападзе 1922 года ўваходзіць
у склад Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта. Падтрымлівае сяброўскія
адносіны з кс. Язэпам Германовічам і мастаком Язэпам Драздовічам. Дасылае
прывітанне на з’езд Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, які адбыўся ў Вільні 30
лістапада 1928 года. У Задарожжы кс. Францішак Рамэйка падвяргаецца ціску з
боку мясцовай польскай адміністрацыі, паліцыі, абшарнікаў, шляхты. Востра
крытыкавала яго польская эндэцкая газета “Dzieńnik Wileński”, якая назвала кс. Рамэйку “вядомым
ворагам польскасці”.

 

У 1929 годзе кс. Францішак Рамэйка пераведзены на
пасаду пробашча ў парафію Кемялішкі Свянцянскага павета. Моцна перажывае з
прычыны рэпрэсіяў польскага духавенства ў дачыненні да беларускага руху і
ксяндзоў-беларусаў, адыходзіць ад актыўнай беларускай дзейнасці. Зімой 1930-31
года захворвае на грып, які пакідае ўскладненні ў выглядзе запалення суставаў і
запалення абалонкі мозгу. Пад уплывам хваробы рэзка пагаршаецца яго псіхічны
стан. Ён адчувае манію пераследу, навакольныя адзначаюць яго дзіўныя паводзіны.
Да апошніх дзён працягвае святарскае служэнне. 16 чэрвеня 1931 года прыбывае ў
Вільню дзеля лячэння. Там, на кватэры кс. Адама Станкевіча пры касцёле святога
Мікалая, сканчвае жыццё самагубствам, застрэліўшыся з рэвальвера. Прыняўшы пад
увагу здзяйсненне самагубства пад уплывам псіхічнай хваробы, духоўная ўлада
дазваляе пахаваць яго на Бернардынскіх могілках у Вільні. У 1930-я гады
беларуская грамадскасць адведвала яго магілу ў дні памінання памерлых; пасля ІІ
сусветнай вайны яго магіла была страчана.

 

Кастусь Шыталь

Болей навін